Студэнт службоўцам нос падцёр. Ці зрэагуе пракурор?
На студэнта журфака БДУ Рамана Пратасевіча ў чарговы раз была заведзена адміністрацыйная справа за тое, што ён быццам бы ўдзельнічаў у несанкцыянiраваным пікеце. На судзе студэнт даказаў, што ў гэты час ён здаваў экзамен. Тое пацвердзілі і сведкі — аднакурснікі, выкладчыкі. Суддзі давялося прызнаць невінаватасць «зламысніка». Для тэлебачання, газет, Дзе сродкам працы служыць слова, Рыхтуе кадры факультэт, Каб праўду-матку неслі ў свет, І гэта вельмі ганарова.
Дый сам я многа год назад
Стаў выхаванцам факультэта.
Там атрымаў карысці шмат
І ўдзячны ўсё жыццё за гэта.
Але ў апошні час, на жаль,
Ручной зрабіла ўлада прэсу,
І да яе няма амаль
У беларусаў інтарэсу.
Абрыдла слухаць і чытаць,
Нібыта ў нас усё ў ажуры,
Паўсюль пануе ціша-гладзь,
Народ шчаслівы — не пануры.
Таму выходзіць, што журфак
Рыхтуе зараз слуг для ўлады…
Магчыма, хтосьці з тых «пісак»
Свайму становішчу не рады,
Аднак яму падзецца дзе,
Куды няшчаснаму падацца?
І ён брыдзе
У чарадзе:
Каб неяк жыць,
Патрэбна праца.
Ды ўсё ж, хоць звонку і знутры
Журфак знаходзіцца пад прэсам,
Растуць парой і бунтары.
(Відаць, для незалежнай прэсы.)
…А пэўна ж, той студэнт не раз
Хадзіў на мітынгі, пікеты.
Яго бунтарства — напаказ,
Сказаў бы хтось — нацдэм адпеты.
Таму і ў «органаў» здавён
Быў у так званым чорным спіску.
На здымках засвяціўся ён,
Канешне ж, і здалёк, і зблізку.
Калі наладзілі пікет
У раз чарговы маладзёны,
«Мянты сапраўдныя» як след
Адпрацавалі хлеб надзённы.
Нікому не далі пад дых,
Нікога не ўзялі за шкіркі,
Ды пратаколы ёсць у іх,
Прычым яны як з-пад капіркі.
Па завядзёнцы бунтароў
Перапісалі з картатэкі…
Ім суд улепіць — будзь здароў!
Няхай паскачуць недарэкі!
Чаго дзівіцца? Сапраўды
Прысуды лепяць, як аладкі,
Нацдэмам нашыя суды
«За ўчыненыя беспарадкі».
Але на гэты раз — аблом,
І сцэна, так сказаць, нямая…
Зусім заслужана дыплом
Студэнт-пісака атрымае!
Ён не згадзіўся, як баран,
Пакласці галаву на плаху
І даказаў, што ўсё — падман,
«Мянты» далі, як кажуць, маху.
Дык хай жа маюць бледны від.
Падчас названага пікета
Студэнт якраз здаваў іспыт —
Выкладчык сам засведчыў гэта.
Хлапец службоўцам нос падцёр.
Яны і кару заслужылі.
Шкада, аднак, што пракурор
Не ўзбудзіць справу — як узор! —
За пратакол наскрозь ілжывы…
* * *
Вучэбны план — само сабой.
Аднак, як наступае лета,
Журфакаўцы
Усёй гурбой
Ідуць на практыку ў газеты.
Там праяўляюцца заўжды
Студэнтаў таленты і хватка.
Там скажуць,
Маеш ты глузды
Ці ты няздара проста, братка.
А я
Ухвальваў бы ўдвая
Не толькі талент: даспадобы,
Як ёсць пазіцыя свая,
А не нутро, нібы ў амёбы.
Студэнт той здолеў пастаяць
За гонар свой. І зможа зноўку.
Выкладчыкі хай ставяць «пяць»
За практыку
У залікоўку.
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Трэба думаць галавой, як не збэсціць імідж свой
Як загадаў бы кіраўнік, стварылі б вечны рухавік
Цяпер на славу, скажам прама, наменклатура ў выканкама
Кожны будзе заняты, толькі трэба лапаты