Лепш замест раздраю збіцца ўсім у зграю
«Брэстгартранс» рассылае па навучальных установах лісты з просьбай паўплываць на студэнтаў, якія адсочваюць «Вконтакте» рух кантралёраў-рэвізораў па маршрутах, і так званыя зайцы маюць магчымасць пазбегнуць штрафаў. Студэнт звычайна не багаты. Яму на грош разжыцца дзе? Надзея, што ад мамы й таты Капейчына перападзе.
Аднак на лёс не наракае,
Будуе планы ў галаве,
Калі ж магчымасць ёсць такая —
Дзесь зэканоміць ці ўварве.
А ўжо ў аўтобусе, трамваі
Праехаць зайцам — як закон.
Як штраф, крый Божа, атрымае,
Дык многа дзён
Бядуе ён.
А на зайцоў жа кантралёры
Палююць сёння, бы ваўкі,
Як пападзецца з іх каторы —
Не разамкнуць свае «клыкі».
Аднак, напэўна, кожны знае,
Тым болей дзеўкі і хлапцы,
Якую сілу мае зграя,
Хоць гэта нават і зайцы.
Калі ж у той шматлікай хеўры
Яшчэ ў наяўнасці й мазгі,
Дык могуць ейныя манеўры
Прынесці вынік неблагі.
А ў іх, студэнтаў, дзякуй Богу,
Мазгоў удосталь — не сакрэт.
Яны прызвалі на падмогу
Усемагутны Інтэрнэт.
І пад кантролем кантралёры —
Адсочваюць іх кожны крок.
А кантралёры не ў гуморы:
З рук выплывае штраф-аброк.
— Ратуйце! — шлюць у рэктараты
Ад гора слёзныя лісты.
Ды плён з іх будзе небагаты,
А лепш сказаць — зусім пусты.
Не будзе дбаць аб кантралёрах
Ніводзін, пэўна, рэктарат,
Бо для студэнтаў ён не вораг,
А родны бацька акурат…
* * *
І вось выснова, як заўсёды:
У апазіцыі цяпер
Няма, на жаль, ніякай згоды,
Пануе ў клёпках недавер,
Раздрай,
Загразлі ў слоўным хлудзе,
І кожны хоча весці рэй.
Але здаўна гавораць людзі,
Што гуртам бацьку біць лацвей…
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Нейкі злыдзень спадцішка выпіў тоны малака
Хоць кантралёраў — цьма, ды толку з іх няма
І ўяўная міна ўзарвацца павінна
Як хакею ў нас капут, дык надзеі на батут