Калі стан душы паганы, падавайся ў «партызаны»
Рэзервіст з Брэстчыны распавёў у Інтэрнэце, як праходзілі для яго вайсковыя зборы. Такіх службоўцаў у народзе называюць «партызанамі»… Быў настрой зусім паганы, Я вачам не верыў нат, Калі позву ў «партызаны» Мне прыслаў ваенкамат.
Я не хлопчык жаўтароты,
А, лічы, дзяцюк ужо,
Каб насіць шынель і боты,
Станавіцца пад ружжо.
У мяне ёсць жонка, дзеці —
Жэўжык сын і дзве дачкі.
(І зусім магчыма, дзесьці
Ёсць яшчэ і байструкі.)
Хто цукерку купіць сыну?
Будзе ныдзець шпінгалет.
Дый як жонку я пакіну,
Можа клін падбіць сусед…
Дзён на пяць або на дзесяць
Адлучыцца быў бы й рад,
Ды, бадай, на цэлы месяц
Заграбе ваенкамат.
Так што к службе, скажам прама,
Не гарнулася душа.
І маёра-ваенкама
Угаворваў я спярша:
— Бокам выйдуць тыя зборы,
Буду мець я бледны від,
Бо зусім, прызнацца, хворы —
Мучаць язва, гаймарыт.
А яшчэ — пры ўсім пры гэтым —
Прастатыт і гемарой.
Дык хіба ж з такім «букетам»
Мне належыць стаць у строй?
Думаў, ён мяне адпусціць.
Толькі бравы франт-маёр
Грозна выказаў чамусьці
Не спагаду, а дакор:
— Хто ж, скажы, зямлю Радзімы
Бараніцьме ў цяжкі час,
Калі доўг не аддадзім мы,
Калі хворы кожны з нас?
Не шчаміцца трэба ў норы —
Рыхтаваць сябе к вайне!
Ты, мужык, за тыя зборы
Нават дзякуй скажаш мне, —
Палагоднеў нечакана,
Усміхнуўся ваенкам. —
Зборы — рай для «партызана»,
Адпачнеш хоць трохі там.
Захаваецца зарплата,
І заплацім нешта мы…
Дык цябе чакае свята,
Баляванне ў час чумы!
І, да гонару маёра,
Не схлусіў маёр ані,
Бо забудуцца не скора
Мною, мусіць, тыя дні.
…І хацеў паслаць …далёка,
І шпурнуць, каб меў, калом,
Як днявальны нам галёкаў
Гідкім голасам:
— Пад’ём!
У яго, такога «пеўня»,
Хоць бы чым не я адзін
Запуліць хацеў, напэўна,
Бо пад’ём — у шэсць гадзін.
Мы яшчэ зганялі б стому,
Хтосьці б нават і пахроп…
Зрэшты, ўсё, апроч пад’ёму,
«Партызанам» успадоб.
Пасля вялае зарадкі,
Шклянкі чаю, дзвюх катлет
Мы на нудныя заняткі
Шыбавалі ў кабінет.
Падпалкоўнік штось пустое
Доўга пляцкаў пра вайну,
Забіваў мазгі лухтою.
Хоць нудота, ды затое
Можна зноў аддацца сну.
Павучылі нас, адале —
Праз гадзіны дзве ці тры —
У казарме мы ляжалі
Зноўку пузам дагары.
Хто-ніхто гуляў у карты,
І чакалі ўсе абед.
Тут, бадай, адзначыць варта,
Што кармілі нас як след —
Садавінай, маслам, мясам…
Але так было спярша.
І таго смакоцця з часам
Мы не мелі ні шыша.
Мабыць, прапаршчыкі нашы
Растапырылі кішэнь…
Мы ж напотым толькі кашы
Есці мусілі штодзень.
Падтрымалі нас, на шчасце,
Нашы родныя жанкі:
Паяўляцца сталі ў часці
І прывозіць кумпякі.
Валаклі яны парою
Ці гарэлку, ці віно.
Ну і секс, само сабою,
Нам дарылі заадно.
Карацей, з харчамі гора
Ані трошкі не было.
(Я, вярнуўшыся са збораў,
Патлусцеў на пяць кіло!)
Ну а як вайсковы навык —
Той, што трэба на вайне?
Ды ні разу стрэліць нават
Не далі на зборах мне!
Факт, канешне, падазроны…
Мусіць, «прапары» ўначы
Са складоў крадуць патроны,
Як напоі і харчы.
— Іх, патронаў, вельмі мала,
Дарагі боезапас, —
Так начальства нам казала,
Пераконваючы нас.
Праўда, я зазначу ўсё-ткі,
Што ў адзін з гарачых дзён
Капітан на час кароткі
Нас звазіў на палігон.
Ён, на выгляд зухаваты,
Вёў сябе як гламазда:
Хоць і выдаў аўтаматы,
Ды патроны не раздаў.
Дык нашто АК, мішэні?
Нават палка лепш «стральне»…
І вось гэткае рашэнне
Ён прыдумаў для мяне:
— На зямлю кладзіся быстра
Ці хаця б сагніся ў крук.
І калі я крыкну «Выстрал!»,
Ты ў адказ скажы мне «Пук!»
Гэта ж смех адзін, паверце…
Толк які з такой «стральбы»?
Пэўна, лічаць там, «наверсе»:
Адчыталіся абы.
Акрамя таго, начальства,
Каб не йшоў марудна час,
З роднай часці
Вельмі часта
Нас адвозіла ў калгас.
Бульбу мы перабіралі,
Бралі ў рукі сахары,
Хтось ішоў да піларамы,
Хтось карпеў на мехдвары.
Зрэшты, мы не рвалі жылы
І не ўкалвалі на змор…
Я найлепш асвоіў вілы,
А на ферме — і сахор.
Вілы я лічыў за зброю,
Што на зборах — акурат:
Лепш у рукі ўзяць парою,
Чым парожні аўтамат.
Адчуваў я змены ў целе
І душою маладзеў…
Быццам птушкі, дні ляцелі,
Месяц ззаду неспадзеў.
Хоць дагэтуль я нядуж быў
І ад болю часам роў,
Ды пасля такое службы
Стаў здаровым!
І дамоў
Я прыехаў у гуморы —
Разагнаў усю нуду.
Як паклічуць зноў на зборы,
Дык з ахвотаю пайду,
Каб паслухаць байкі-казкі
Пра магчымую вайну.
А галоўнае, што з ласкі
Ваенкама — адпачну.
* * *
Запытаецца каторы
Недаверак-верхагляд:
— Што далі такія зборы?
Адкажу я:
— Вельмі шмат!
І як вораг на краіну
Раптам наступ распачне,
Я не схіблю, не загіну,
Бо, паверце, у мяне
Хопіць навыкаў і сілы
Бараніць сваю зямлю:
Я вазьму сахор цi вілы
І любога закалю!
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Калі ты гэткі зух, дык запрагайся ў плуг
Раб, што радзіўся ў няволі, вольным не стане ніколі
Лепш замест раздраю збіцца ўсім у зграю
Нейкі злыдзень спадцішка выпіў тоны малака