TOP

На парадзе для нас самы раз унітаз

На парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, завод «Керамін» правёз перад трыбунамі ўнітазы ўласнай вытворчасці… Зранку жвава, зухавата Да мяне зайшоў сусед. — Для краіны, — кажа, — свята, Дык і выпіць, пэўна, след.

Я дастаць памкнуўся пляшку
(Нездарма часаўся нос!),
Ды сусед зрабіў адмашку.
— Я сваю, — сказаў, — прынёс.
Мы пілі, вялі бяседу —
Тэм у нас знайшлося шмат.
Нагадаць рашыў суседу:
— Пачынаецца парад.
Уключу я тэлік, можа?
Там жа ўлады нашай цвет,
Дый салдаты йдуць прыгожа…
— Ну ўключы… — сказаў сусед.
Як звінелі нашы шклянкі,
Як кулялі ў гарлякі,
На экран павольна танкі
Выпаўзалі, бы жукі.
Мой сусед наконт параду
Не выказваў пахвалы —
Выдаў гнеўную тыраду,
Быў наогул вельмі злы.
Перадам суседа словы
Вам я поўнасцю амаль:
Фельетон, лічы, гатовы
І належная мараль.
— Што мы там з табою бачым?
Хлам адзін! — сказаў сусед. —
Ці ж сваім такім ламаччам
Напужаем белы свет?
Нашы танкі, бэтээры —
То ж усё ўчарашні дзень.
Іх, канешне, да халеры,
Ды нашто нам тая дрэнь?
Дадаюць нам танкі чаду,
Паржавелі рычагі…
Не даедуць да параду,
Каб не вутнуць слуп-другі…
Тая ж дрэнь і самалёты,
Што над танкамі ўгары.
З імі ў нас адны турботы —
Годных толькі два ці тры.
Зараз, вунь, і на экране
Бачу «вывадак» чужы.
Скажа й той, хто пільна гляне:
«То ж расійскія «Стрыжы»!»
Дык як быццам войска ў глянцы —
Хоць яго за ўзор бяры…
Паглядзі: а вунь на танцы
Выйшлі нашы трактары!
Не хапае проста злосці, —
Тут сусед плявацца стаў. —
Ці ж у іх для весялосці
Ёсць сягоння шмат падстаў?
Мы не знаем год каторы
Трактары падзець куды.
І начальства не ў гуморы,
Бо забітыя склады.
Следам — сеялкі, камбайны…
Тут прызнаць, напэўна, трэ:
Знешні выгляд вельмі файны.
Ды ніхто іх не бярэ,
Бо камбайн жа закардонны
Лепш купіць, чым нашых два:
Намалочваць будзеш тоны —
Не балецьме галава.
Го! А што там для паказу
Прад’яўляе «Керамін»?
Прычындалы для ўнітаза?
Гэта ж, братка, смех адзін!
Я лічу, намёк харошы
«Керамін» зрабіў для нас:
На парадзе гэтым грошы
Мы спусцілі ва ўнітаз…
* * *
Ад заключнай толькі часткі
Быў давольным мой сусед:
Грацыёзныя гімнасткі —
Як рамонкавы букет.
— Далібог, у будні й святы, —
Расцягнуў ва ўсмешцы твар, —
Беларускія дзяўчаты —
Самы экспартны «тавар»!
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Калі стан душы паганы, падавайся ў «партызаны»

Калі ты гэткі зух, дык запрагайся ў плуг

Раб, што радзіўся ў няволі, вольным не стане ніколі

Лепш замест раздраю збіцца ўсім у зграю

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.