«Уласнай» вуліцай герой незадаволены парой….
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у народзе называюць «турмой на Акрэсціна», бо ён знаходзіцца ў аднайменным завулку. У гэтым цэнтры адсядзелі ледзь не ўсе нашы дэмакраты, яны наракаюць на жудасныя ўмовы ўтрымання. А хто ж ён, Барыс Сямёнавіч Акрэсцін? Лётчык, Герой Савецкага Саюза, які ў 1944 годзе паўтарыў пад Мінскам подзвіг Мікалая Гастэлы…. Даём мы вуліцам і плошчам Імёны выбітных людзей, І іх, як кажуць, люд «палошча», Калі па вуліцы ідзе.
Жыве хтось, скажам, «на Кальцова».
Не знае, хто такі Кальцоў,
Ды вылучае тое слова
Сярод будзённых, звыклых слоў.
Як пра ўстанову ў нас парою
Узнікне думка ў галаве,
Бывае, што і пра героя
Асацыяцыя ўсплыве.
На шыльдах прозвішчаў нямала,
Якія ўслаўлены навек.
Адным зусім пашанцавала,
З другіх жа — быццам нейкі здзек.
Ёсць вулка Герцэна, накрыклад
(Яго мы ведаем са школ).
І Герцэну зусім не прыкра,
Што з ім стасуецца касцёл.
Улежна, мусіць, і Казлову —
На вуліцы стаіць царква.
Казлова пад сваю ахову
Анёл узяў. А мо і два.
Крапоткін жа за сінагогу
Удзячны, пэўна, у труне:
Калі ідуць яўрэі к Богу,
На шыльду хто-ніхто зірне.
Ад горада дарунак царскі
Займеў закляты бальшавік,
«Змагар за шчасце» Валадарскі —
На вуліцы тэатр узнік.
Аднак патрэбная рэмарка.
Свінню падсунулі яму,
Бо ёсць яшчэ і «Валадарка» —
Так называем мы турму.
Затое Кіраў, скажам прама,
Давольны, мусібыць, як слон:
На вулцы — стадыён «Дынама»,
А ў нас заўзятараў — мільён.
І Берсан, што «разжыўся» банкам,
Давольны: згадваюць усе
І днём, і вечарам, і ранкам,
Бо кожны ўклад сюды нясе.
Не ў крыўдзе, мабыць, і Гікала,
І на душы ў яго — спакой,
Бо прозвішча візіткай стала
Бібліятэкі. Ды якой!
«Займець» няблага нават лазню,
Як мужны князь Багратыён.
Яго імя на вуснах вязне,
Удзячна згадваецца ён.
На свеце тым і Кіжаватаў
Зусім не ведае пакут:
Бальніцу Мінск яму «сасватаў» —
Туды заўсёды ходзіць люд.
А Смалячкову дрэнна «спіцца»,
Наогул, пэўна, злы, як звер,
Бо там не звыклая бальніца,
А «венерычны дыспансэр»…
Ды хай на лёс не наракае —
Зусім не горшы ён, бадай.
Акрэсціну і не такая
На долю выпала бяда.
Калі была ва ўжытку зброя,
Пад Мінскам подзвіг здзейсніў ён.
Ды толькі прозвішча героя
Гучыць парою як праклён.
Для ўсіх Акрэсцін стаў вядомым,
Бо там стаіць «казённы дом».
Не пазайздросціш тым «харомам»,
Іх лепей бы пусціць на злом.
Туды завозяць дэмакратаў.
І кожны кажа грамадзе,
Калі выходзіць ён з-за кратаў:
— Я «на Акрэсціна» сядзеў…
Кляне той дом «нацдэм адпеты»,
А хтосьці, пэўна ж, лічыць нат,
Што не герой Акрэсцін гэты,
А берыеўскі злыдзень-кат…
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
На парадзе для нас самы раз унітаз
Калі стан душы паганы, падавайся ў «партызаны»
Калі ты гэткі зух, дык запрагайся ў плуг
Раб, што радзіўся ў няволі, вольным не стане ніколі