Вярнуў чужую рэч — гара зляцела з плеч
Раніцай кіроўца з Полацка выявіў, што дзверца яго аўтамабіля расчыненая, а магнітолы няма. Назаўтра знайшоў на сядзенні ўкрадзеную рэч і запіску: «Прабачце, калі ласка, сябар вырваў вашу магнітолу… Ён кажа, што была незачыненай дзверка. Яшчэ раз прабачце…» Крадуць у нас, канешне, многа, І на руку нячыстых шмат. Зладзеям у турму дарога, Хай там паплача тарбахват.
Калі ж ляжыць, як кажуць, дрэнна
Рэч неблагая на дварэ,
Дык і не злодзей, несумненна,
Яе парою забярэ.
І прыклад у мяне гатовы.
У гарадскім адным двары
Стаяў аўтамабіль — не новы,
А, як трухлявы пень, стары.
Кіроўца думаў пра машыну:
«Ніхто не возьме гэту гніль,
Як адыду я на хвіліну
І незачыненай пакіну…»
Убачыў той аўтамабіль,
Хаду спыніў дзяцюк прахожы.
Зірнуў, нібы барбос на косць:
Хоць легкавік і непрыгожы,
Але ў салоне штосьці ёсць.
Тым болей што і дзверца насцеж…
Дзяцюк, забраўшыся ў салон,
Рашыў, што напаткала шчасце,
Бо магнітолу згледзеў ён.
Дастаў-схапіў яе — і ходу…
Няўцям было гаспадару,
Хто мог зрабіць такую шкоду.
Праклёны — усяму двару.
І палягчэла ўраз на сэрцы,
Калі назаўтра гаспадар
Адкрыў сваёй машыны дзверцы:
Ну проста нейкі Божы дар!
Настрой яго зусім вясёлы,
Як дым, развеяўся адчай:
Апроч уласнай магнітолы,
Запіска побач: «Выбачай!
Вяртаю рэч, што сябар хціва
Украў і каецца цяпер…»
Ну ці ж не цуд? Ну ці ж не дзіва?
Хоць ты вачам сваім не вер!
Бадай, прыдумаў злодзей сябра,
А значыць, напісаў ману.
Ён сам прынёс жа рэч, ды храбра
Не змог прызнаць сваю віну…
* * *
За нашы душы апантана
Змагаюцца і чорт, і Бог.
І, безумоўна, пажадана,
Каб Бог усё-ткі перамог.
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
А бюджэт з БРСМ узгадняюць недарэм!
Міліцыянераў — цьма. Можа, кормім іх дарма?
«Уласнай» вуліцай герой незадаволены парой….