TOP

Уражвае спіс адказных за «міс»

Міністэрства культуры падрыхтавала інструкцыю аб правядзенні Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». А подпісы пад інструкцыяй паставілі віцэ-прэм’ер, тры губернатары, міністр адукацыі, міністр спорту, лідар БРСМ, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў, дырэктар буйнога банка, а агулам — паўтара дзясятка чыноўнікаў самага высокага рангу! Урад у нас за ўсё ў адказе, Важнейшых спраў ва ўрада шмат. І лічыць хтось, ва ўсякім разе, Што ў нас не безгаловы ўрад

І для яго на першым плане
Завод, будоўля і калгас:
Каб хлеб вырошчвалі сяляне,
Плугі каваў рабочы клас,
Дый іншыя рабілі штосьці…
Аднак жа гэта ўсё — падман:
Для ўрада конкурс прыгажосці
На першы вылучыўся план.
Такія кінутыя сілы,
Каб выбраць у краіне «міс»,
Што нехта ўсклікне:
— Божа мілы!
Мы зверху ўніз
Разгледзім спіс
Чыноўнікаў, што на кантролі
Трымаць павінны тое шоу,
Каб усяго было даволі,
Каб гэты «фэст» як след прайшоў,
А не зусім будзённа-шэра.
Бадай, вядома й гламаздзе,
Што без намесніка прэм’ера
Краіна шоу не правядзе.
Сядзіць у мяккім крэсле, нібы
Военачальнік на кані,
І ўсе пралікі, збоі, хібы
Выдатна бачыць з вышыні.
Па адукацыі міністра
Зрабіць адказным — як закон:
Дурніц і на гарматны выстрал
Да «фэсту» не падпусціць ён.
Сам правядзе спярша бяседы,
Іспыт наладзіць для дзяўчат.
Праверыць, калі трэба, веды
І міністэрскі апарат.
Калі, так мовіць бы, варона
Ў ідэалогіі дзяўчо,
Дык і не свеціць ёй карона
І стужка, што цераз плячо.
Таксама і міністра спорту
Зусім заслужана ўвялі
У тую знаную кагорту.
Не раздавацьме медалі,
Ды думку слушную падкіне
І свой спатоліць інтарэс:
Як дзеўка пройдзецца ў бікіні,
Ацэніць прафесійна прэс.
Належна выканае ролю
І кіраўнік БРСМ:
На конкурс, апрача кантролю,
Ён прывядзе і свой «гарэм».
Пытанне з’явіцца ў кагосьці:
Ну а чаму ж усунуў нос
У гэты конкурс прыгажосці
Шаноўны прафсаюзны бос?
А для мяне зусім не дзіва,
Што трапіў ён у той хаўрус:
Як кажуць, затычкай для дзірак
Уладзе служыць прафсаюз.
На «фэсце» статус адпаведны,
Вядома, мецьме і банкір.
Ён чалавек зусім не бедны —
Катаецца, бы ў масле сыр.
З нагоды важнае такое
І на банкет, і на прызы
Падкіне шчодраю рукою
Банкір зусім не драбязы.
А мо й зялёныя купюры
Ён адшкадуе пад настрой…
Што ў спісе тым міністр культуры,
Дык гэта ўжо само сабой.
Накшталт «Славянскага базару»
Краіну конкурс скалыхне,
І міністэрству не да твару
Быць ад падзеі ў старане.
Назваў бы і другіх у спіску
Адказных сошак і персон,
Ды падвяду нарэшце рыску,
Бо іх, як кажуць, легіён.
На пекных дзевак, скажам шчыра,
Не прэч зірнуць і дзед стары.
Дык тых міністраў і банкіра
Мы хутка ўбачым у журы…
* * *
Гіторыю паведаў гэту,
Каб да высновы ўсе прыйшлі:
Нам слынны конкурс «Міс Сусвету»,
Тым болей конкурс «Міс Зямлі»
Прызоў адваляць да халеры
(Прынамсі, болей, чым цяпер),
Калі падпісвацьме паперы
Сам прэзідэнт або прэм’ер.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Жадаюць нашыя бабулі, каб іх пачулі, прыгарнулі

Вярнуў чужую рэч — гара зляцела з плеч

А бюджэт з БРСМ узгадняюць недарэм!

Міліцыянераў — цьма. Можа, кормім іх дарма?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.