TOP

Павыцягвалі блакноты, прыступілі да работы…

Падчас нядаўняй сустрэчы з міністрам замежных спраў Індыі беларускія чыноўнікі сядзелі з блакнотамі, а індыйскія — са смартфонамі. Трымцелі нашыя чыны, Прэм’ер глядзеўся, быццам лёкай, Калі наведвалі яны Міністра ў Індыі далёкай.

Ім выпадае не штодзень
Кудысьці выправіцца ў госці.
У нас са збытам справы дрэнь,
Дык, можа, ўдасца сплавіць штосьці
У гэты нехлямяжы край,
Дзе гадзяць вуліцы каровы…
Таму галоўнае, бадай, —
Правесці годна перамовы.
«Праблем, — так думалі, — у нас
Быць на сустрэчы не павінна,
Бо мы не нейкі Гандурас,
А прамысловая краіна.
З прагрэсам крочым у нагу!
У нас адны навінкі робяць!
У Індыі, ў сваю чаргу,
Набудзем мы якую дробязь…
Як лялькі, нашы трактары,
Камбайны, МАЗы, самазвалы —
Вазі, што хочаш, і ары,
І думай, што гешэфт удалы,
Бо гэта ўсё ж не нейкі хлам.
І соль павінны ўзяць індусы.
Для іх наогул як бальзам
Такія нашыя спакусы…»
Нарэшце ўселіся за стол
Міністр і ўся міністра світа,
І можна ўжо пад пратакол
Размову пачынаць нібыта.
На стол для запісаў-пазнак
Індусы выклалі смартфоны,
А іх міністр цвіце, як мак,
Бо перспектывамі натхнёны,
Харошым будзе плён… Але
Убачыў раптам: для работы
Чынушы нашы на стале
Паклалі ручкі і блакноты.
Імпэт міністра тут жа згас,
І твар наморшчыўся міжволі…
* * *
Не набылі нічога ў нас.
Ну, акрамя калійнай солі…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

А за фальшывы дар пакутуе святар

Куды падзелі ўсё-ткі ад дармаедаў сродкі?

Не можа і хлапчук вясковы казу адрозніць ад каровы…

Уражвае спіс адказных за «міс»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.