TOP

Прадпісанні выканкам дасылае мерцвякам

Каб палепшыць паказчыкі і тым самым даказаць сваю значнасць, жыткавіцкая землеўпарадкавальная служба рассылае прадпісанні нават нябожчыкам. Да прыкладу, у аднаго з грамадзян, які памёр 7 гадоў таму, запатрабавалі добраўпарадкаваць «сваю» тэрыторыю.  Некаторыя чынушы На зямлі дзяўбуць народ, А цяпер яшчэ і душы Браць рашылі ў абарот.

Прадпісанні шлюць на Неба,
Дастаюць людзей і там:
За сабой, так лічаць, трэба
Прыбіраць і мерцвякам.
Вось і дзед Тарас таксама
Сем гадоў назад памёр.
Ды старому з выканкама
Шлюць лісты да гэтых пор,
Дапякаюць кожны тыдзень,
Хоць Тарас і ў небыцці:
Ты, маўляў, падворак, злыдзень,
Канчаткова запусціў,
Там ужо на агародзе
Аж да пояса быльнёг,
А дзядоўнік — жах дый годзе! —
Узабраўся на парог;
Дык калі ты свой падворак
Не ўпарадкуеш, Тарас,
Будзеш мець — і вельмі скора! —
Непрыемнасці ад нас.
Хоць паслалі «агамолку»
Прадпісанні два ці тры,
Ды ўсё роўна мала толку —
Не шавеліцца стары.
І саспела, як заўсёды,
Думка ў нечым мазжачку:
Хай на Небе верхаводы
Клёпкі ўставяць лайдаку.
І «наверх» пайшлі паперы —
Патрабуе выканкам:
Да яго прыміце меры
У навуку мерцвякам.
Там, у іншым свеце, цесна,
Бо людзей памерла — цьма.
Канцылярыі нябеснай
Цяжкавата, слоў няма.
Трэ на ўсіх завесці справы
І належна весці ўлік…
Не пап’е спакойна кавы
Нат тамтэйшы кіраўнік!
Як нябесным бюракратам
Дакучае й свет зямны,
Дык амаль што крыюць матам,
Абураюцца яны.
Атрымаўшы з выканкама
На Тараса той данос,
Раззлаваўся, скажам прама,
Канцылярскіх клеркаў бос:
— Як жа гэткімі лістамі
Вы, чыноўнікі з зямлі,
Канцылярыю «дасталі»,
Мне самому дапяклі!
Ды патрэбна нейкі ўсё-ткі
Даць чыноўнікам адказ…
— Прасачыць, — загад кароткі, —
Каб прыбраў свой двор Тарас!
І ганца паслалі к дзеду,
Каб з’явіўся «на дыван».
Строга клерк пачаў бяседу:
— Рай абрыд табе, цурбан?
Нізавошта не паверу,
Што нірвана — дрэнь. Але
Можаш трапіць к Люцыферу
І пасмажыцца ў катле.
Толькі дай адказ спачатку:
Вось чаму ў тваім двары
Кавардак, няма парадку?
— Бо нямоглы я, стары…
— Дык няхай бы на падворку
Хтось парупіўся з радні.
Будзе спаць, дык у падкорку
Забярыся, намякні…
І патупаў, як з астрога,
З канцылярыі Тарас,
Бо з радні няма нікога
На зямлі ў яго якраз.
Дый расклад наогул гэткі:
Вёска ўся — з адных бабуль.
Мо звярнуцца да суседкі?
Досыць жвавая пакуль.
Каб яна быльнёг пасекла,
Папрасіў Тарас у сне.
А інакш, маўляў, у пекла
Могуць выправіць мяне.
Ды не будзе ўсё ж карысці,
Так лічыў Тарас, ад сну,
Бо з суседкаю калісьці,
Перш чым лёг ён у труну,
Размаўлялі вельмі рэдка,
Ці сварыліся яны…
Дый не верыць жа суседка —
Што галоўнае — у сны.
Значыць, жыцьмецца пагана,
Будзе ўсё інакш цяпер:
Так сказаць, бывай, нірвана!
Прывітанне, Люцыфер!
* * *
Выдавацьмуць прадпісанні
Заўтра, мусібыць, чынкі,
Каб свае магілы самі
Прыбіралі мерцвякі…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Павыцягвалі блакноты, прыступілі да работы…

А за фальшывы дар пакутуе святар

Куды падзелі ўсё-ткі ад дармаедаў сродкі?

Не можа і хлапчук вясковы казу адрозніць ад каровы…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.