• Погода
  • +18
  • EUR3,1436
  • USD2,6411
  • RUB (100)3,4298
TOP

Улада ў нас не гламазда, з народам жа — зусім бяда…

Мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі ў жыхаркі вёскі Эйгерды (Гродненская вобласць) Алёны Кароль, каб яна палепшыла свае жыллёвыя ўмовы, інакш, маўляў, пазбавім бацькоўскіх правоў. Жанчына адна гадуе сына-інваліда, сродкаў няма, і яна дала аб’яву аб продажы сваёй ныркі. На бяду, у адрозненне ад чыноўнікаў, адгукнуліся простыя людзі, пачалі збіраць грошы… Нягеглы ў той жанчыны быт. Ды ў чым яе правіна? Расце дзіцёнак-інвалід — Адна гадуе сына.

Жывуць яны, нібы ў хляве,
Бо град паквэцаў гонту.
Адно ў жанчыны ў галаве:
«Дзе сродкі для рамонту
Мне ўзяць, каб не было бяды?
Хто прыйдзе на падмогу?
Тырчаць на сценах правады,
Пабрала гніль падлогу…»
Маглі б хоць чымсьці памагчы
Чыноўнікі з апекі,
Але ад іх яна, лічы,
Пачула толькі здзекі.
Сказалі:
— Калі ўласны дом
Не давядзеш да ладу,
Мы забяром
Дзіця сілком,
Ужыўшы нашу ўладу.
Як ёй паправіць свой бюджэт,
У ім залатаць дзірку?
Дала аб’яву ў Інтэрнэт:
«Прадаць гатова нырку.
Другога выйсця не знайду,
Каб не злаваць апеку…»
Люд адгукнуўся на бяду,
Як і было спрадвеку!
Хто даў рубель, хто два рублі
(Бо не счарсцвелі душы),
Каб прысароміцца маглі
Уладныя чынушы…
* * *
Сказаў высокі чын адзін,
Чым насмяшыў да ўпаду:
— Хоць ты да раны прыкладзі
Цяперашнюю ўладу!
Улада ў нас не гламазда,
Магла б зрабіць нямала,
Але з народам — вось бяда! —
Ёй не пашанцавала.
А можа, ўсё наадварот?
Выказвае спагаду,
Харошы ўвогуле народ,
Але, на жаль, як ідыёт,
Абраў не тую ўладу…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Рацыён багаты маюць ільвяняты

Віртуальныя забавы могуць мець зыход цікавы…

Прадпісанні выканкам дасылае мерцвякам

Павыцягвалі блакноты, прыступілі да работы…