TOP

Усё нагамі дагары перавярнулі гандляры

У аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна злодзей украў з сельскай крамы некалькі бутэлек таннага «чарніла», а прадаўшчыцы павесілі на яго буйную недастачу. У вёсцы краму абакралі! Такога не было здавён. Зладзеі выцягнулі з крамы Дабра Не на адзін мільён.

Яны пачысцілі паліцы
І ўсё забралі да рубля.
Ва ўсякім разе прадаўшчыцы
Так гаварылі апасля.
Пакуль хадзілі пагалоскі,
Пакуль шныралі следакі,
Ім, прадаўшчыцам, людзі вёскі
Давалі веры:
— Нехта свойскі
Адважыўся на «экс» такі.
На люд прыстойны не грашылі —
Ніхто б на гэта не пайшоў;
Віном разжыцца і грашыма
Надумаў хтосьці з алкашоў.
Найбольш падазравалі Васю —
Гадоў пад сорак дзецюка.
Падобна, ён з маленства «квасіў»,
Прычым часцей — нашармака.
Няма ў апойка ні капейкі —
Парою лепш жыве жабрак,
Але ў апошні час, як з лейкі,
«Чарніла» лье сабе ў гарляк.
Адкуль жа бырла падваліла,
Дзе ён, алкаш, яго набраў?
Канешне, Вася скраў «чарніла»,
Апроч астатняга дабра.
— Цяпер да смерці злыдзень гэты
«Пацягваць» будзе спакваля, —
Казалі хцівыя кабеты.
Праблемы ўзніклі ў Васіля,
Прычым зусім з другога боку —
Не ад міліцыі пакуль.
Сябры даводзілі апойку,
Што жмінда ён,
Што ён куркуль.
Хоць Вася ўсё-ткі ім «чарніла»
Набулькаў два ці тры разы,
Сябрам, аднак жа, не хапіла
Такой ганебнай драбязы:
— Усім даводзяць прадаўшчыцы,
Што ў іх прапала дваццаць скрынь.
Дык імі грэх не падзяліцца —
Хабя б дзясятак нам падкінь!
Бажыўся, біў у грудзі Вася:
— Дзе ж тыя скрыні я вазьму?
Пачаставаў апошнім вас я!
Аднак не верылі яму.
Гучала ўвогуле пагроза:
—Дык знай: праз некаторы час
Прысунецца каза да воза —
Наліць табе прасіцьмеш нас.
Смалою залівацьмеш зеўру —
Нібы сабаку, будзем гнаць.
Пакінь наогул нашу хеўру,
Ты больш не сябар нам, птамаць!
Вось так і страціў бедны Вася
Сваіх сяброў.
Таго апроч,
І дома свара пачалася.
Звягала жонка дзень і ноч,
Бывала, брала і за грудзі,
Папрокамі аб’ела плеш:
— А мусіць, праўду кажуць людзі,
Што гэта ты ўчыніў крадзеж!
Ты, кажуць, сцібрыў там мільёны! —
Не шкадавала жонка слёз
І слала страшныя праклёны. —
Чаму ж дадому не прынёс?
У дзетак ні яды, ні рэчаў.
Пра іх не думаеш чаму?
Каб нас як трэба забяспечыў,
Дык хай бы йшоў тады ў турму.
Нябось, усё прадаў на рынку
І прапівацьмеш цэлы год.
А нам цяпер грызі скарынку…
Ды каб ты спрахнуў, абармот!
Ну, словам, змрочныя часіны
Для Васіля падкінуў лёс.
Калі трываць не стала сілы,
Ён следакам сябе панёс.
— Здаюся, — заявіў з парога, —
Бо гэта я сарваў замкі.
Але не вынес столькі многа,
Як плешчуць злыя языкі.
Я ўзяў віна чатыры пляшкі
І больш нічога, ні рубля.
Прашу прабачыць
Грэх мой цяжкі… —
Такая просьба ў Васіля.
Ды не пазбегнуць Васі кары,
Яе пазначаць у судзе.
А дзе ж астатнія тавары,
І грошы за тавары дзе?
Усё, што можна, з гэтай крамы
Пакралі самі гандляры.
То варыянт тыповы самы,
І ён, на жаль, як свет, стары.
Тых гандляроў чакаюць шконкі…
А ў Васі шык і бляск цяпер:
Галоўнае — сяброў і жонкі
Вярнуў ён страчаны давер.
* * *
Які ж урок крадзеж той даў нам?
Парою лепей сапраўды
Украсці штось,
Чым беспадстаўна
Быць абылганым: менш нуды.
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Чырвоныя, як ракі, у небаракаў ср…кі

Улада ў нас не гламазда, з народам жа — зусім бяда…

Рацыён багаты маюць ільвяняты

Віртуальныя забавы могуць мець зыход цікавы…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.