Няма трупа — няма справы
БЫЛЬ Трымцела сэрцайка ў Агаты, І млявасць нейкая гняла, Як на зыходзе дня дахаты Брыла з суседняга сяла.
Калі з’явілася старая
На свет, не памятаў ніхто.
Аднак, глядзі ж, не памірае,
Хоць ёй ужо гадоў пад сто.
Бядоты зведала нямала,
А шчасця не было ані.
Адна, без мужа звекавала,
Няма ні дзетак, ні радні.
Зусім было б Агаце цяжка,
Заныдзела б яна, але
Жыла равесніца Палажка
У блізкім — цераз луг — сяле.
Яшчэ з далёкай маладосці
Былі сяброўкамі яны:
І абгаворвалі кагосьці,
І хлопцы ў іх былі адны.
Хоць зараз іх хаўрус не гэткі,
Бо ўжо здароўя не стае,
Ды выпраўляліся ў адведкі
Парой адна да аднае.
І пасярэдзіне дарогі
Вось-вось Агата упадзе:
Самлела, не трымаюць ногі…
Прысесці хочацца. А дзе?
Каб апусціць у змозе цела,
Няма ні пня, ні валуна.
І толькі на падмурку стэла
Паблізу высіцца адна.
Яна яшчэ з часін Хрушчова
Стаіць раёнаў на мяжы,
Каб кожны ведаў адмыслова,
Дзе свой абсяг, а дзе — чужы.
Дарэчы для Агаты стэла.
Даклыпала яна ледзь-ледзь
І абяссілена прысела
На глыбу, на падмурак-цвердзь.
Самотна, як прысуд суровы,
Свярбела думка ў галаве,
Што стрэне, можа быць, Пакровы,
А да Каляд не дажыве.
Пагана, што яна на свеце
Адна, як вока ува лбе,
І, можа стацца, пасля смерці
Ніхто зямлёй не прыграбе.
Падумаць, бедная, паспела,
Што не адбудзецца й імша…
І, ціха вылецеўшы з цела,
Памкнулася ў вышынь душа…
* * *
Палкоўнік Апанас Кудлаты
Быў з твару цёмным, быццам цень.
Як і Агата,
Ён дахаты
Якраз вяртаўся ў гэты дзень.
А ехаў з цэнтра абласнога,
Дзе «атрымаў у косці» ён:
Злачынстваў у раёне многа,
Псуе паказчыкі раён!
Тым болей што, як сведчаць зводкі,
Наяве «вісякі» адны.
Не шкадаваў уласнай глоткі
Яго начальнік абласны:
— Абрыдла ўжо насіць пагоны
Ці ўдосталь зорачкі адной?
Дык пойдзеш разгружаць вагоны
Або ў калгас — варочаць гной!
Падмога будзе для калгаса,
Бо ты, гляджу, такі бугай!..
Настрой паганы ў Апанаса —
Хоць на сябе пятлю чапляй.
Машына куляю ляцела —
Нібы за смерцю наўздагон.
А вунь ужо відаць і стэла,
А значыцца, яго раён.
Пад стэлай сілуэт старэчы
Убачыў ён з далечыні.
Пашкадаваў па-чалавечы
Бабулю. Дый заўжды дарэчы
Харошы ўчынак.
— Тармазні!
Хіба ж не схільны да дабра я? —
Кіроўцу ляпнуў па плячы. —
Відаць, стамілася старая.
Чаму ж нам ёй не памагчы —
Да роднай хаты не падвезці?
Напэўна, зачакаўся дзед…
Тут і дарогі — метраў дзвесце,
А для яе — няблізкі свет.
Спынілася машына-«куля» —
Аж скавытнулі тармазы.
Кіроўца выгукнуў:
— Бабуля!
І прасігналіў тры разы.
Ды не азвалася старая.
Адсунуў рукі ад стырна.
— Відаць, бабуля загарае, —
Пажартаваў.
— Ды спіць яна! —
Смяшліва стала й Апанасу. —
Паспаць на старасці — не ўздзіў.
Каб не губляць дарэмна часу,
Ты б лепей збегаў, разбудзіў.
Кіроўца гулка ляснуў дзверкай,
Да стэлы нехаця паджгаў.
— Выждайся тут з пенсіянеркай,
Як быццам мала іншых спраў… —
Незадаволена, ды ціха
Сяржант бурчаў сабе пад нос. —
Паедзе зараз, як купчыха…
Бабулю за плячо патрос
І ў вуха гаркнуў:
— Дрыхнуць рана!
Паехалі дамоў, бабуль!
Аднак старая нечакана
Набок звалілася, як куль.
Сяржант спачатку ачумела
І сам застыў, нібыта слуп…
Пазваў начальніка аддзела:
— Сюды! Яна… падобна… труп!
Начальствам збэшчаны палкоўнік
Аж пабялеў ад гэтых слоў.
— Ды што ты мелеш, бесталковы?
Аднак таксама падышоў.
Пагляду аднаго хапіла,
Каб змог ён вызначыць як спец:
Жытло старой цяпер — магіла,
Ёй сапраўды гамон-капец.
Але ў начальніка аддзела
Не з-за таго жахнуўся клёк:
Раёны падзяляе стэла,
Бабуля ж мёртвая сядзела
Там, дзе яго раёна бок.
Падумаў з прыкрасцю Кудлаты:
«Перш чым пакінуць свет зямны,
Няўжо, бабуля, не магла ты
Прысесці з іншай стараны?»
Аддзелу лішнія турботы
Прынесці можа гэты труп:
Зарэгіструй яго – і потым
«Сядзецьме» ў зводках,
быццам струп.
Душу яе забрала Неба,
І крыміналу тут няма,
Ды ўсё адно даказваць трэба,
Што свет пакінула сама.
Патрэбна ў вобласць везці цела,
Каб экспертызы правялі.
Ці ж на бензін у райаддзела
Ёсць дадатковыя рублі?
Дык што ж рабіць?
Няўцямна-тупа
Вачыма лыпаў Апанас…
Ідэя!
— Зробім так, што трупа
І не было ніколі ў нас!
Пасадзім бабку на падмурак
З другой, зваротнай стараны —
І ўжо ў суседзяў нашых «жмурык»,
Няхай турбоцяцца яны!
Прынамсі, часу небагата
Спатрэбілася ім дваім,
Каб дыслакацыю Агата
Змяніла на падмурку тым.
І ўжо ў наступную хвіліну,
Ад боса атрымаўшы ўрок,
Кіроўца куляй гнаў машыну
У свой раённы гарадок.
* * *
Ужо цямнела-вечарэла,
І падпалкоўнік Глеб Бурноў
(А ён начальнік райаддзела)
Намерыўся пайсці дамоў.
У падпалкоўніка таксама
Быў сёння вельмі цяжкі дзень,
Бо старшыня райвыканкама
Яму «насоўгаў у каршэнь».
Калі галоўны «мент» раённы
Усунуў ключ ужо ў замок,
Званок раздаўся тэлефонны.
Нядобрым здаўся той званок.
Званіў з ускраіны ўчастковы.
І ён адразу далажыў
(Лепш не казаў бы тыя словы):
— Пад стэлай —
той, што на мяжы, —
Мной выяўлены труп жанчыны.
Яна — адна з «маіх» бабуль…
— Ты смерці высветліў прычыны?
— Ды не… Я не паспеў
пакуль…
Прайшла ўсяго хвіліна недзе…
— Чаму ж ты, дурань,
звоніш мне?
А можа, гэта труп суседзяў?
— Дык ён на нашай старане…
— Бабуля, кажаш?.. —
у Бурнова
Быў роздум цэлых пяць хвілін.
Рашыў урэшце канчаткова:
— Чакай. Прыеду я адзін.
Чаму ж усё-ткі опергрупу,
А заадно і следакоў
Не выслаў падпалкоўнік
к трупу,
Як і было спакон вякоў?
Бо ён не хлопчык жаўтароты,
У справе, так сказаць, не дуб
І прадугледзеў, што турботы
Прынесці можа гэты труп.
Як і Кудлаты, крыміналу
Ён уявіць сабе не мог:
Бабулька бедная сканала,
Бо да сябе паклікаў Бог.
Ды экспертызы, пратаколы,
Яшчэ й затраты на бензін…
З нагоды, што няма крамолы,
Бурноў і выехаў адзін.
Не трэба, каб пра труп
той ведаў
Яго маёр ці капітан,
Бо гэта будзе боль суседаў…
Меў падпалкоўнік
просты план.
Яго ўчастковы каля стэлы
Вітаў — узяў пад казырок.
— Ну як наш труп? —
спытаўся. — Цэлы?
У наш глядзіць усё-ткі бок?
— У наш… — пацвердзіў
участковы.
Стаў вывучаць сляды Бурноў
І мацюкнуцца быў гатовы,
Як вакол стэлы абышоў.
— Ды тут жа ўсё навідавоку!
Зірні на гэтыя сляды:
Хтось гэты труп з другога боку
Нядаўна перанёс сюды.
Выходзіць, што сусед Кудлаты
Ажыццявіў ягоны план…
Хай будзе ў якасці адплаты
Падман на гэтакі ж падман!
Бурноў ужо з сумленнем
чыстым
Даў участковаму загад:
— Суседзі нашы — аферысты.
Дык занясі яе назад!
А потым міліцыянеру
Сказаў, падумаўшы:
— Маўчы
Пра нашую з табой аферу.
Сюды наведайся ўначы
І прасачы,
Каб зноўку хтосьці
Бабулю не перавалок.
Здаецца мне, што
прыйдуць «госці»,
Каб труп пакласці нам
пад бок…
* * *
Палкоўнік Апанас Кудлаты
Заліў гарэлкай моцны стрэс.
Хоць быў ён вечарам паддаты,
Ды труп той з галавы не лез.
Таілася ў падкорцы дзесьці:
Суседзі труп на схіле дня
Таксама могуць перанесці.
Бурноў, начальнік іх, — раўня
Па хітрасці яму самому.
І хоць была амаль што ноч,
Палкоўнік пазваніў дадому
Кіроўцу:
— Ты, браток, адскоч
Да стэлы і правер усё-ткі,
На тым жа месцы труп ці не.
Як на машыне — шлях кароткі.
Перазвані напотым мне.
І ад кіроўцы неўзабаве
Прыняў паведамленне бос:
— І трэба ж так!
На самай справе
Бабулю нехта перанёс.
Аднак жа будзе ўсё чын
чынам —
Вярнуў суседзям гэты «дар»…
Сказаў палкоўнік:
— Малайчына!
За службу мецьмеш
«ганарар»!
* * *
Да стэлы ўвішны участковы
Прыбыў напрыканцы начы.
Ён у аддзеле свежы, новы —
Каб не праспаць, не спаў, лічы.
Бабулька ажыла, няйначай…
Так мовіць бы, і смех і грэх:
Як падпалкоўнік і прадбачыў,
Труп нейкім чынам «перабег».
Туды-сюды ўначы шуруе —
Хоць ногі дзягаю звяжы…
Службіст на рукі ўзяў старую
І перанёс на бок чужы.
* * *
Апошнюю на небе зорку
Нясмелы ранак патушыў…
На трактары на самым золку
Мікола ехаў па шашы.
Трава на лузе пераспела,
І для касьбы замала дзён.
Наперадзе маячыць стэла.
Пад ёю згледзеў маладзён
Жанчыны скурчаную постаць.
І немагчыма зразумець,
Яна адпачывае проста
Ці напаткала цётку смерць.
Прыгледзеўся. Ды то ж Агата!
Яна з суседняга сяла.
Гавораць, пражыла багата.
А можа, сёння аджыла?
Магчыма, тут сканала раптам,
Калі вярталася дамоў?
Спыніў ён каля стэлы трактар
І да бабулі падышоў.
Ну, так і ёсць — апруцянела,
Ссінела нават дзе-нідзе.
Да трактара панёс ён цела,
Павёз Агату да людзей…
І як пра смерць яе прачулі
Вяскоўцы, дык у іншы свет
Старую самую бабулю
Належна правялі, як след.
Калі паклалі ў дамавіну,
Быў светлым у Агаты твар.
Каля магілы — чын па чыну —
Малітву прачытаў святар.
Ён нават пропаведзь агучыў,
Якую чула ўсё сяло:
— Зыход смяротны —
немінучы.
Ды трэба помніць: каб магло
Наноў жыццё ў раі пачацца,
Жыві — і проста не грашы…
А людзі выпілі па чарцы
За супакой яе душы…
* * *
Бурнову пазваніў Кудлаты,
Узяўшы ўранку тэлефон.
І каб не пачынаць дэбаты,
Каб не мусоліць доўга, ён
Адразу ўзяў быка за рогі:
— Паслухай, дружа,
што скажу.
Пад стэлай — той,
што ля дарогі
Сімвалізуе ў нас мяжу,
Я ўчора бачыў труп жаночы,
І ён на вашай старане.
Як сам пад’ехаць не ахвочы,
Дык хай хоць твой
слядак зірне…
Падумаўшы, Бурноў суседу,
Як падалося, даў адлуп:
— А я да стэлы не паеду,
Хоць там і праўда нейкі труп.
Няма й арлам маім работы —
Ні оперу, ні следаку.
Пашлі туды кагось свайго ты,
Бо труп той —
На тваім баку.
— Ды проста нуль ты
як начальнік,
Бо спраў не знаеш! — Апанас
Кіпеў, як разагрэты чайнік,
Шыпеў, як перагрэты прас.
А ад Бурнова —
Прапанова:
— Тут выхад бачыцца адзін:
Давай пад’едзем тэрмінова
І там, на месцы, паглядзім.
Хай голаў той пасыпле дустам,
На чый бабуля села бок!
…Што каля стэлы
чыста-пуста,
Было відно яшчэ здалёк.
Упэўніліся канчаткова,
Што трупа там няма, калі
Яны, не кажучы ні слова,
Да стэлы блізка падышлі.
І ўсё-ткі выбухнуў нарэшце
Тырадай смачнай Апанас:
— Я бачыў труп той!
Хоць зарэжце,
Ды ён сядзеў вось тут якраз!
А потым маты-пераматы
(І нават не «для звязкі слоў»)
Выплёўваць з вуснаў стаў
Кудлаты.
Сказаў з ухмылкаю Бурноў,
Перш чым к машыне
ён патупаў:
— Сыр-бор, выходзіць,
быў дарма:
Няма навідавоку трупа —
І справы, значыцца, няма…
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Усё нагамі дагары перавярнулі гандляры
Чырвоныя, як ракі, у небаракаў ср…кі
Улада ў нас не гламазда, з народам жа — зусім бяда…