TOP

Навагодняя шаткаванка

Дзед Мароз папярхнуўся… Аб’явіла дзяўчо за вячэрай: — Будзе шчасце ў нас Поўнаю мерай! Напісала я Дзеду Марозу (Гэта ж трэба — дадумаўся розум), Каб айфон Падарыў мне на свята, І не горшы, Чым мае наш тата.

Мама будзе
У новенькім футры —
Не з аблезлых вавёрак,
А з нутрый,
І цяпер выглядацьме багатай!
Дзед Мароз папярхнуўся гарбатай…

Узбагаціў лексікон
Пад Новы год,
Галоўнейшае свята,
Прынёс дахаты
Ёлку добры тата.
І покуль тую ёлку
Ставіў ён,
У сына ўзбагаціўся лексікон.

Шклянка вады
— Дзеці мае! Паміраю! Сюды!
І прынясіце мне шклянку вады!
— Першага студзеня цяжка усім.
Сам прынясі!

Без тармазоў
Новы год
Прыносіць радасці багата,
Ды парою адмаўляюць тармазы:
Засталося
Дзесяць дзён яшчэ да свята,
А гарэлку ўжо куплялі
Тры разы.

Дзед Мароз — злодзей
— Хто ты, дзядзька?
— Я, хлапчынка, Дзед Мароз.
— А куды ты
Тэлевізар наш панёс?

Аксіёма
Гэту аксіёму найпярод
Трэба мець жанчыне на прыкмеце:
З кім ты сустракаеш Новы год,
Ад таго ж у верасні і дзеці…

Адразу ж і вясна
Жартоўна
(А магчыма, што і з жахам)
Сказала мне
Кабеціна адна:
— Як сустракаеш
Новы год з размахам,
За ім услед —
Адразу ж і вясна…

Прапала чысло
Ён піў утрапёна, заўзята:
І піва, і ром, і віно…
Прайшло навагодняе свята
Нібыта імгненне адно.
Спрасонку
Распытвае жонку:
— Якое сягоння чысло?
— Другое.
Пытанне ўдагонку:
— А першага што, не было?

Адзіны варыянт
Каб вашы дзеці Новы год
Сустрэлі ўсё-ткі дома
(А вам, каб менш было турбот,
Так хочацца, вядома);
Каб іх пад ёлкай не будзіў
Уранку іншы хтосьці,
Дык варыянт у вас адзін:
Сыдзіце самі ў госці.

Думкі пра Снягурку
Як вызначыць ільга,
Што ты падрос?
Калі ты хочаш думаць
Аб каханні,
І каб Снягурка,
А не Дзед Мароз
Выконвала таемныя жаданні…

Дзед для дарослых
У Новы год
З вязанкаю пагроз
Прыходзіць да дарослых
Дзед Цыроз.

Як упрыгожыць кватэру
Згатавалі ў Новы год вячэру,
Толькі не ўпрыгожылі кватэру.
Што рабіць?
Ёсць выйсце, не сакрэт:
Палажыць петарду ў вінегрэт.

Дзед Мароз — у кожны дом!
— У кожны дом
Хай прыйдзе Дзед Мароз! —
Усклікнуў п’яна
Качагар-«насос».
Усклікнуў гэтак
І сярод начы
У трубах ацяпленне адключыў.

Можна і грашыма
Дзяўчынку
Сустрэў Дзед Мароз.
— Я ўсе падарункі разнёс.
Таму для цябе ўжо няма…
— Бядуеш, Дзядуля, дарма, —
Сказала дзяўчынка яму, —
Бо я і грашыма вазьму.

Усё роўна пазналі
У садку
Яркі ранішнік-шоу.
Дзед Мароз
Выглядае чароўна.
— Добры дзень, дзетвара!
Я прыйшоў!
— Добры дзень,
Валянціна Пятроўна!

Лісты Дзеду Марозу
Хоча бачыць цуды наш народ,
Нат у казкі
Не прапала вера…
«Дзед Мароз!
Калісьці ў Новы год
Я ў цябе прасіла кавалера.
Я тады дурніцаю была,
Розуму —
Бы ў юнае дзяўчынкі.
Забяры ты гэтага казла,
Падары мне лепей мандарынкі…»
* * *
«Дзед Мароз!
Калі я буду ў сне
І дарунак
Ты даставіш мне,
Дык не стаў пад ёлачку, бадай,
У гараж адразу заганяй…»
* * *
Не хавае горкіх слёз
Хлопчык невялічкі:
«Вельмі сумна, Дзед Мароз,
Бо няма сястрычкі.
Мне яна была б якраз…
Падары, Дзядуля!»
Тут жа хлопчыку адказ
Прыляцеў, як куля:
«Просьбу выканаць магу,
Хоць і не Ўсявышні.
Толькі ты ў сваю чаргу
Маму, хлопчык, вышлі…»
* * *
«Дзед Мароз! —
Чарговы ліст дзяўчынкі, —
Ты за тое,
Што чытала многа
І рабіла правільныя ўчынкі,
Падары мне хлопчыка благога…»
* * *
«Здароў, стары! —
Накрэмзаў на паперу. —
Я тры гады ў Снягурку ўжо не веру.
Ну а ў цябе
Не веру пагатоў!
Сцяпан Пятровіч.
Сорак сем гадоў».
* * *
«Вінаваты, мусіць, сам, —
Піша хлопец з Оршы. —
Неразборліва ўпісаў
Летась слова «Поршэ»…

Першага студзеня
Першага студзеня.
Крама пустая.
Бомж адзінокі
«Чарніла» глытае.
Толькі, напэўна,
У полудзень дзесьці
Сумна з запіскамі
Цягнуцца дзеці…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Каму — валюта, каму — пакута

Бацька ўсё-ткі не наплёў нам пра тысячу рублёў!

Няма трупа — няма справы

Усё нагамі дагары перавярнулі гандляры

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.