TOP

Пра цёмны лес і «Мерседэс»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі выкрыў злачынную схему экспарту высакаякасных піламатэрыялаў пад выглядам нізкасортнай сыравіны. Пастаўку «амаль дроў» у прыбалтыйскія краіны арганізаваў адзін з кіраўнікоў лесагаспадарчай галіны. Найперш, сябры мае, скажу я, Што ў нас густы і цёмны лес. І да яго дзялкі-буржуі З замежжа Маюць інтарэс —

Пра гэта добра знаем з прэсы.
А ў нас — чыноўнікаў гурма.
І інтарэсу ў іх да лесу,
Як у буржуяў тых, няма.
Яны другія планы-мары
Выношваюць з далёкіх пор:
Вярэдзяць думкі пра даляры,
Што можа даць ім гай ці бор.
Хаця, паклаўшы ўсё на шалі,
Прызнаем, што спакон вякоў
У Беларусі спакушалі
«Капейкай» людзі леснікоў.
Каму патрэбны проста дровы,
Каму — адборны лес на зруб.
І леснікі былі гатовы
Тайком прадаць сасну ці дуб.
Як кажуць, закрывалі вочы
(А хтось адводзіў позірк свой),
Калі ў дуброву дзядзька збочыў
З сякерай вострай і пілой.
Цяпер не ўбачыш «здзелак» гэтых,
Час, безумоўна, не такі.
Сядзяць у светлых кабінетах,
У мяккіх крэслах «леснікі».
І не даюць яны адмашку:
«Пілуй бярозу ці сасну
За тры рублі або за пляшку…»
У іх дзялянкі на кану,
І нават цэлымі лясамі
Гандлююць зараз «леснікі»,
Вывозяць сыравіну самі,
Прычым не коннымі вазамі —
Шуруюць цугам цягнікі.
Прынамсі, чын адзін высокі
Стварыў падобны «сіндыкат».
З драўніны ён высмоктваў сокі,
Жук караедны акурат.
І дзень, і ноч звінелі пілы,
Не замаўкалі тапары —
Як кажуць, лялечку рабілі
З драўніны нашыя майстры.
Не дзіва, што з такім таварам
Не сорам выйсці на прастор…
А «сіндыкат» амаль што дарам
Гнаў цягнікамі за бугор
З пазнакаю, што гэта дровы,
Што спілавалі сухастой.
«Адкат», канешне, адмысловы
Меў «сіндыкат» са здзелкі той.
Ажыццявіў чыноўнік мару:
Прадаў буржуям столькі «дроў»,
Што меў у выніку навару
Не медны грош, а будзь здароў!
* * *
Не пашкадую слоў суровых:
Раўняюць з простымі людзьмі
Сябе чыноўнікі ў прамовах,
Аднак каго з іх ні вазьмі,
Ён мае легкавік харошы —
Ці «БМВ», ці «Мерседэс»;
А скуль узяў чыноўнік грошы,
Для ўсіх, як кажуць, цёмны лес…
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Пенсіянеры, сцяг у рукі! Абыдуцца без вас унукі

Няхай жывуць бабры і знікнуць махляры!

Паставіла мытня падножку: «Прапусцім ці жонку, ці кошку»

Навагодняя шаткаванка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.