TOP

Людзі тоны малака «выпівалі» спадцішка!

Кіраўнікі гаспадарак Кіраўскага раёна займаліся прыпіскамі малака незвычайным чынам: неіснуючыя літры быццам бы прадаваліся калгаснікам. Прычым з іхніх заробкаў вылічваліся рэальныя грошы. Большасцю малако «пілі» прагульшчыкі ды п’яніцы, якія не рыпаліся пад пагрозай звальнення. Да прыкладу, адна жанчына «выжлукціла» больш за тону сырадою! Узбуджана некалькі крымінальных спраў. І ў далёкі час, і ў блізкі На тутэйшае зямлі У паказчыках прыпіскі Вельмі звыклымі былі.

Кіраўнік задужа хітры,
Недавольны станам спраў,
Кубаметры, тоны, літры
На паперы «маляваў»
І з прыстойнай справаздачай
Ехаў потым у раён.
Хоць і прыкра, ды іначай
Мог пасаду страціць ён,
Ці далі б у хвост і ў грыву,
Запрасіўшы «на дыван».
Дый бяда для калектыву
За нявыкананы план.
Перагорнута старонка?
Больш нямашака хлусні?
Не, такая завядзёнка
Існуе і ў нашы дні.
…То не дзіва, што паганым
Быў настрой кіраўніка:
Справы швах, як кажуць, з планам —
Вельмі мала малака
Што ні дзень даюць каровы,
Лепш трымаць у статку коз.
Старшыня на ўсё гатовы,
Каб не стаў няўдалым лёс.
Нарадзіў ідэю ўсё-ткі
Пасля доўгіх цяжкіх дум.
Заўтра радавацьмуць зводкі,
Прападзе ад зводак сум,
Рэзультат, нібыта ў цудзе,
Відавочна падрасце,
І калгас ужо не будзе
Вечна плесціся ў хвасце.
Як засведчылі паперы,
У калгасе з той пары
Сырадою да халеры
Закупляюць жыхары,
Бо карову вельмі рэдка
Сёння ўбачыш у хляве.
Калі дасць гладыш суседка,
Тым вясковец і жыве.
І вось тут нібы прарвала:
Сталі людзі грамадой
Паглынаць не толькі сала,
Але й пенны сырадой.
Хто заглыкваў па бітону,
Хто купляў не больш чым гляк…
А адна кабета тону
Заліла сабе ў гарляк!
Мог здзівіць кагосьці толькі
Незвычайны факт такі:
Малако пілі апойкі
Ды гулякі-лайдакі.
Скажам, гідкае «чарніла»
Нехта жлукціў дзень пры дні.
Ну а зараз глянуць міла —
Не бярэ і ў рот ані.
Ён уранку сырадою
Выпівае літры два
І не знаецца з бядою,
Бо не пухне галава.
Вельмі выгадны калгасу
Дзіўны гэтакі расклад:
Папаўняюць грошы касу —
Іх вылічваюць з зарплат.
А як рыпнецца каторы
(Той расклад, маўляў, благі),
Старшыня яму ў канторы
Хутка выправіць мазгі:
— Разяўляцьмеш, злыдзень, рот ты
І свае правы качаць —
Застанешся без работы.
Дык шуруй адсюль, птамаць,
Бо магу і даць па карку!
Доўга быў расклад такі,
І нарэшце ў гаспадарку
Завіталі следакі.
Паўшчуваўшы за прыпіскі,
Запытаў адзін маёр:
— Шлях абраў ты вельмі слізкі,
Каб патрапіць у фавор.
Ды дагтуль не дапетру,
Не магу дапяць ніяк:
А чаму ж ты «за паветра»
Грошы браў у выпівак?
Старшыня калгаса бойка
Думкі выказаў свае:
— Гэта ж добра для апойка:
Менш заробіць — менш прап’е…
* * *
Калі людзі ад калгаса
«Напіліся» малака,
Дык, напэўна, заўтра й мяса
«Наядуцца» спадцішка…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Усё роўна здзейснім мары: не Мальдзівы, дык Канары

Скралі тыя, хто «наверсе». І не трэба іншых версій

Пра цёмны лес і «Мерседэс»

Пенсіянеры, сцяг у рукі! Абыдуцца без вас унукі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.