TOP

Не руплівец, а гультай больш карысці дасць, бадай

Новыя даследаванні паказалі, што большасць значных адкрыццяў людзі здзейснілі ад ляноты, бо самыя яркія думкі нараджаюцца пры гультайстве. «Пабоку клопаты і праца, Далоў вірлівае жыццё! Калі ты будзеш ленавацца, Зрабіць сумееш адкрыццё!» —

Вучоныя дзядзькі і цёткі
Пасыл нам выдалі такі.
(Калі дадумаліся ўсё-ткі,
Дык самі, значыць, лайдакі.)
І ім, бадай, паверыць трэба,
Што добра, калі ты лайдак.
Для думкі гэткай ёсць і глеба,
Само жыццё сцвярджае так.
Адзін круціўся, як вавёрка,
Жыццё правёў у мітусні,
Ды ўсведамляць напотым горка,
Што сэнсу ў тым няма ані.
Другі ўвесь час «ляжаў на печы»,
Ніяк не праяўляў імпэт,
Але пры ўсім пры тым, дарэчы,
Здзівіў сваім шэдэўрам свет.
Згадаць, напрыклад, ёсць нагода,
Што колісь быў такі Ньютон.
Пад яблыняй, нібы калода,
Любіў ляжаць звычайна ён
І летуценна строіў планы,
А потым спаў і нават хроп.
І, пераспеўшы, плод крамяны
Упаў і вутнуў моцна ў лоб.
Як адарваў ад глебы цела,
Славутым тут жа стаў Ньютон,
Бо цюкнуў абібоку ў цемя
Цяпер вядомы ўсім закон.
А каб Ньютон араў у полі,
Каб ён штодня цягаў мяшкі,
Магчыма, з вамі мы ніколі
Не ўведалі б закон такі.
Напэўна, кожнаму вядома,
Што і славуты Архімед
Гультаяваў таксама дома,
Любіў папарыцца як след.
Залез аднойчы ён у ванну,
Вада адразу ж — цераз край.
Не толькі ён спазнаў нірвану —
Закон для нас адкрыў гультай!
А для чаго я ўсё паведаў?
Няхай не гнобіць больш урад
Ні гультаёў, ні дармаедаў,
Бо з іх карысці будзе шмат.
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Стук-грук — абы з рук

Людзі тоны малака «выпівалі» спадцішка!

Усё роўна здзейснім мары: не Мальдзівы, дык Канары

Скралі тыя, хто «наверсе». І не трэба іншых версій

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.