Выйшаў голым на балкон… Ці здзівіў кагосьці ён?
У Дзень Перамогі ў Наваполацку міліцыя затрымала гараджаніна, які голым разгульваў на балконе сваёй кватэры. Ён растлумачыў, што даўно меў жаданне здзейсніць падобны ўчынак, а цяпер, выпіўшы для храбрасці, вырашыў прадэманстраваць староннім сваё аголенае цела. Узбуджана крымінальная справа. Чулі дзеўкі ад Адама: — Я — мужчына хоць куды! Цела — быццам у Ван Дама, Хоць даўно не малады!
Не давалі дзеўкі веры,
Што Адам — нібы мадэль,
Бо на свеце да халеры
І хвалькоў, і пустамель.
Гаварылі дзеўкі прама:
— Ты, канешне, дзядзька, хлус!
З-за насмешак у Адама
Быў на сэрцы цяжкі груз,
Прыгнятала дужа гэта.
Як жа мог давесці ён,
Што падобны на атлета,
Што сапраўдны Апалон?
Выйсце бачыцца як быццам,
Бо хаця б у тыдзень раз
Можна ў лазні агаліцца —
Там усе мы напаказ,
Там ўсе мы «Апалоны»…
Неўспадоб паказ такі,
Бо разгледзець торс ягоны
Могуць толькі мужыкі.
Інтарэс другі ў Адама:
Ён хацеў бы, не сакрэт,
Каб яго жанкі і дамы
Разглядзець маглі таксама,
Ацаніць усё як след.
Толькі ў лазні ім на вочы
Не патрапіць ён ніяк:
Як папрэцца ў гурт жаночы,
Будуць думаць, што маньяк,
І тады дадуць па карку
Ці адправяць у турму.
Агаліцца можна ў парку
Перад дзеўкаю яму,
Паказаць кабеце цела,
Расхінуўшы паліто,
Каб ад страху анямела
(Гэтак робіць хто-ніхто).
На падобны смелы ўчынак
Ён адважыцца не мог:
Пазаве людзей жанчына,
І таксама — у астрог.
Не ўваходзіць гэта ў планы,
Бо Адам жа — не цурбан.
Але ў клёпках нечаканы
Нарадзіўся ўсё-ткі план.
Мару споўніць ён нарэшце!
…Быў святочны самы дзень,
І на вулічнае шэсце
Выйшла вельмі шмат людзей —
Шанавалі ветэранаў.
Хоць былі і дзеці там,
Ад сваіх ганебных планаў
Не адмовіўся Адам.
Палічыў Адам, напэўна,
Што ў бяспецы будзе ён,
Як з уласным голым «пеўнем»
Выйдзе раптам на балкон.
Там яго ацэняць людзі!
А для смеласці Адам,
Так сказаць, узяў на грудзі,
І нямала — трыста грам.
Тут жа ўзрос імпэт ягоны,
Разгарнулася душа.
На яго ніхто з калоны
Не зважаў зусім спярша:
Хто вітае зверху шэсце,
Не цікавіла людзей.
І Адам, бы ў лесе дзесьці,
Гулка крыкнуў:
— Э-гэ-гэй!
Некаторая пагляды
Скіраваліся ўгару.
Хтось смяецца, бачыць рады,
А камусь не па нутру.
Закрычалі людзі гнеўна:
Што, маўляў, за блуд такі?!
А Адам рашыў, што «пеўня»
Хваляць, мусібыць, жанкі.
Палічыў, што ўсім на шэсці
Падабаецца паказ.
Каб наогул іх увесці,
Так бы мовіць, у экстаз,
Стаў прымаць такія позы!
З « Камасутры» акурат…
(Што паробіш? Нецвярозы…)
Ну а знізу ўжо пагрозы
Паляцелі, быццам град.
Ды Адам не ведаў меры,
Да экстазу сам дайшоў…
Толькі міліцыянеры
Супынілі тое шоу.
На трыумф няма спадзеву…
Што яшчэ дабавіць тут?
Некалі Адама й Еву
З раю выгнаў Бог за блуд.
Дык і гэтага Адама
(Параўнанне я раблю)
У міліцыі таксама
Апусцілі на зямлю.
* * *
Пахвальба нідзе нікога
Да дабра не давядзе.
І яму пра гэта строга
Заўтра скажуць у судзе…
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Ці праб’юцца ў чэмпіёны з дапамогай Марадоны?
Ён быў бы самым знаным героем-партызанам
Хто агітуе за байкот, таго ў турму на дзесяць год!
Хай бы дэпартаменты вымерлі, як маманты