За крэсла і канапу дырэктар браў на лапу
Былы дырэктар вытворчасці «Папраўчая ўстанова № 5» (калонія ў Івацэвічах) абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў суме 207 365 еўра ад прадстаўніка французскай кампаніі «за рашэнне пытанняў, звязаных з пастаўкай мэблі», якую выраблялі зняволеныя. Не толькі злодзеі-бандыты Свой тэрмін бавяць у турме. Народ рукасты, майстравіты, А часам і таленавіты Бывае ў шэрай той гурме.
І калі возьмецца за справу,
Каб адагнаць самоту прэч,
Дык хоць на знаную выставу
Вязі адразу ж тую рэч.
І мэбля, што рабілі зэкі,
Ішла, як кажуць, нарасхват.
Яны ж не бездары-няўмекі,
Дый часу для работы шмат.
Куплялі нават у Парыжы
Канапу, стол ці гарнітур.
І тым не менш дырэктар хіжы
(А ён яшчэ і самадур)
«Даваў у косці» небаракам,
Незадаволена бурчэў:
— Прадукцыя парою з бракам,
Рабіць патрэбна лепш яшчэ!
А сам лятаў на перамовы
У Лондан, Вену і Парыж,
Дзе чуў заўжды падзякі словы.
Ну а банкетамі паміж —
І Луўр, і Эйфелева вежа,
І Сена, і Булонскі лес…
Да мэблі зэкаўскай замежжа
Вялікі мела інтарэс —
З ажыятажам ён мяжуе.
Дырэктарскі ўзбудзіўся клёк,
І ён французскаму буржую
Празрысты выказаў намёк:
— Каб мець харошую канапу,
Што зэкі нашыя збяруць,
Патрэбна трохі даць на лапу.
Ды і не трохі, а будзь-будзь!
Інакш другім, — сказаў дырэктар, —
Усё аддам — вялікі свет…
Незадаволена і з крэктам
Буржуй палез у партманэт…
Яшчэ не раз даіў француза
Дырэктар
І ў сваёй машне
Замежных грошай меў ад пуза —
Раней не бачыў столькі ў сне.
Ён верыў: будзе шыта-крыта,
Яму не страшны чорт любы.
І па-ранейшаму, нібыта
Нявольнікі — яго рабы,
Ён разяўляў на зэкаў зяпу:
Маўляў, няўмекі, лайдакі.
У рэшце рэшт на тую «лапу»
Дзядзькі надзелі кайданкі.
Цяпер яго чакаюць зэкі,
Каб залыгаць у свой кагал.
І мецьме ён не толькі здзекі,
Калі не выкажа запал.
Таму імпэт пакажа гэткі
І дасць такога дыхту ён,
Што гарнітуры й табурэткі
Купляцьме ў нас і Вашынгтон.
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Ці гатовы мы на здзекі дзеля ўласнае бяспекі?
Дык хто ж цяпер у нас падыме жылкамгас?
Выйшаў голым на балкон… Ці здзівіў кагосьці ён?
Ці праб’юцца ў чэмпіёны з дапамогай Марадоны?