TOP

З-за закускі рэвізоры засталіся не ў гуморы

На адно з дзяржпрадпрыемстваў Брэстчыны, якое знаходзіцца далёка ад райцэнтра, павінна была прыехаць інспекцыя з абласной «вертыкалі». Як звычайна бывае, гаспадары накрылі сталы. Інспектары абурыліся, што на іх няма гарэлкі. Паслалі ганца па каньяк. Але правяральшчыкі ўсё адно засталіся незадаволенымі, бо на сталах не было дранікаў з мясам, а іх, як сказаў адзін з рэвізораў, «Лукашэнка любіць, да яго прыезду іх заўсёды гатуюць». Усім вядомы кліч суровы (Гучыць ён з гогалеўскіх пор, І ўвесці ў ступар могуць словы): «Да нас прыедзе рэвізор!»

І хоць для нейкае трывогі
Падстаў, здавалася б, няма,
Ды рэвізор уяўна-строгі
Палохае, нібы чума.
Ніхто не хоча цяпнуць гора,
І каб утаймаваць «чуму» —
Займець прыхільнасць рэвізора,
Патрэбна дагадзіць яму.
Пра хабар я казаць не стану —
Нарвацца можна на скандал.
А, так сказаць, «накрыць паляну» —
Абавязковы рытуал.
…Заводзік вырабляў дэталі
Ужо даўно, каторы год.
Спакойна людзі працавалі,
І кіраўнік не знаў турбот.
Чаму? Заводзік той далёка,
Нат ад райцэнтра ў старане,
І мімаходзь чужое вока
Туды ніяк не зазірне.
Праверкі там былі не часта,
Ва ўсякім разе не штодзень,
Бо ў нас высокае начальства
Не любіць ездзіць у глухмень.
І — непрыемная навіна
(Дырэктар аж разявіў рот):
Праверка ўсё-такі павінна
Прыехаць заўтра на завод.
Прыбудзе з цэнтра абласнога,
А не з раёна «вертыкаль».
І рэвізораў будзе многа —
Як быццам цэлы ўзвод амаль.
Для рэвізораў трэба дзесьці
Шыкоўна накрываць сталы.
Яны, напэўна, будуць есці,
Як згаладалыя валы.
Канешне, зала рэстарана
Была б найлепшаю з «палян»,
Ды з рэстаранам тут пагана —
Адсутнічае рэстаран,
Каб, нібы ў Глазга, выпіць віскі…
Ёсць у райцэнтры ён, але ж
У той райцэнтр, у свет няблізкі,
Такіх гасцей не павязеш.
Дырэктар ход прыдумаў лоўкі,
Таму і выгляд меў, як пан:
За дзень з заводскае сталоўкі
Зрабілі ледзь не рэстаран.
І гэта ўжо палова справы.
Ды ёсць і клопат немалы:
Для рэвізораў толькі стравы
Паставіць трэба на сталы
Ці для працяглай пасядзелкі
(З цямна, магчыма, да відна)
Шарэнгу выставіць гарэлкі,
На горшы выпадак — віна?
Няясна, як да алкаголю
Затым паставяцца яны:
Абурыцца ці піцьме ўволю
Дэсант так званы абласны.
Рашылі ў рэшце рэшт напоі
Не ставіць, акрамя вады:
Хоць не па-людску ўсё, затое
Далей, як кажуць, ад бяды.
А што датычыць рознай ежы —
Накрылі шчодрыя сталы:
Грыбочак, боршч, гурочак свежы…
Таму чакалі пахвалы.
І вось зашаргацелі колы —
Прыехала чыноў гурба.
Быў у адных настрой вясёлы,
А хтосьці зыркаў спадылба.
Па цэху пахадзілі цугам
(Шпацыравалі след у след).
У справе кожны цяміў туга,
Ды грэлі думкі пра банкет.
Адзін з іх, нецярплівы самы,
Пакінуў ненавісны цэх,
І, каб заглыкаць трохі грамы,
У «рэстаран» цішком забег.
А на сталах — ніводнай пляшкі.
І нават піва не відно.
На ўсіх ён кінуў позірк цяжкі:
— А дзе гарэлка? Дзе віно?
Вам могуць бокам выйсці жарты! —
Чыноўнік, як сабака, злы.
— Ды мы гадалі ўсё, ці варта
Гарэлку ставіць на сталы…
— Гадалі… Мы хіба не людзі,
Каб не зрабіць глыток віна?
Як на сталах яго не будзе,
Дык, значыць, будзе вам хана!
Дырэктар тут жа даў адмашку,
І ўсе пабеглі — хто куды…
З загашніка гарэлкі пляшку
Дастаў механік малады.
Таропка збегаўшы дадому,
Прынёс намеснік-маладзён
Ажно чатыры пляшкі рому
(Адпачываў на Кубе ён).
Унёсак важкі сакратаркі:
Да бацькі збегала яна,
Прывалакла для «добрай чаркі»
Бурдзюк малдаўскага віна.
Затым каністрай самагонкі
Усіх парадаваў вахцёр.
Сівуху гнаў тайком ад жонкі
І вось сюды яе прыпёр.
Дырэктар сам не траціў часу:
Каб рэвізоры елі ўсмак,
Дастаў ён са свайго запасу
Тэкілу, віскі і каньяк.
Усе ў свае залезлі сховы,
І столькі ўжо было пітва,
Што захлынецца ўзвод вайсковы
Ці, можа, нават цэлых два.
Дык і не ўздзіў, што рэвізоры,
Як іх пазвалі на банкет,
Былі ад выбару ў гуморы.
Набаляваліся як след.
Пад развясёлую гамонку
Да ночы выжлукцілі ўсё.
Галоўны самы самагонку
Хлябтаў, нібыта парасё.
Калі пасля такой «паляны»
Нарэшце ўсталі з-за сталоў,
Дырэктар быў расчараваны,
Бо не пачуў удзячных слоў.
Былі ўспадоб каньяк, тэкіла
І самагон — хоць не пяршак.
Чаго ж «дэсанту» не хапіла?
Галоўны растлумачыў так:
— Бо дранікаў па-беларуску
Мы не адведалі, на жаль.
Такую іменна закуску
Найбольш шануе «вертыкаль».
Чаму? Табе сакрэт маленькі
Адкрыю: з даўняе пары
Іх да прыезду Лукашэнкі
Заўжды пякуць гаспадары.
Для прэзідэнта дранік з мясам —
Яда любімая якраз.
А ты такім смакоццем ласым
Не дагадзіў, не ўважыў нас…
Сказаў — і хеўру ўсю з «паляны»
Павёў да «лімузінаў» ён.
Дырэктар жа, як апляваны,
Падумаў злосна наўздагон:
«І так табе замнога чэсці.
Гарэлку жлукціў — як з каўша…
Каб з мясам дранікі паесці,
Ты прэзідэнтам стань спярша…»
* * *
Любы заводзік з-за закускі
Разорыцца, бадай, ушчэнт,
Калі ікру або малюскі
Упадабае прэзідэнт…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

З сучаснага народнага гумару

Начальнік-прайдзісвет папоўніў партманэт

Чыноўнікам прасцей прыструніць і дзяцей

Прыватызуецца сарцір: два метры ўздоўж і метр ушыр

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.