Сканаеш на чацвёрты дзень, тады й аплацяць бюлетэнь
Міністэрства працы і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выступілі з ініцыятывай: прапанавалі аплачваць бальнічныя лісты толькі з чацвёртага дня. Гэткім чынам яны збіраюцца сэканоміць на выплатах дапамогі па часовай непрацаздольнасці. Пятру расклад не даспадобы, Хадзіў ён змрочным, быццам цень: Тры дні лячыўся ад хваробы, Аднак чамусьці бюлетэнь
Не аплацілі, хоць на «хуткай»
Яго наведалі ўрачы
(Жывот апух, зрабіўся будкай,
А боль — хоць крычма закрычы).
Пасля ў бальніцы, як калода,
Тры дні адлежваўся Пятро.
Канешне, мала асалоды,
Як выварочвае нутро.
А што было? Была атрута.
Напэўна, ўзяў не тое ў рот,
Таму для страўніка — пакута,
Узбунтаваўся ўвесь жывот.
Быў у бальніцы, дзякуй Богу,
Пятро не дзесяць дзён, а тры.
І, выпісаўшы, на дарогу
Яму сказалі дактары:
— Усё патрэбна есці ў меру,
Не суйце у рот любую дрэнь.
І тут жа выдалі паперу —
Якраз трохдзённы бюлетэнь.
Як за прагулы, ні капейкі
Не атрымаў, аднак жа, ён,
Бо з міністэрства злыдзень нейкі
Прапанаваў такі закон
(Чынуша, пэўна, страціў сорам):
Цяпер за першыя тры дні,
Што нехта быў як быццам хворым,
Плаціць не будзем мы ані;
Хоць трохі сэканоміць можна,
Бо свішча вецер у казне,
А да таго ж, работнік кожны
Здароўе берагчы пачне.
З энтузіязмам дэпутаты
Закон належны прынялі.
(Працуюць самі ў будні й святы,
Таму хварэць няма калі.)
І пад закон той свежы, новы
Пятро патрапіў акурат.
А ён надзвычай прынцыповы.
Хоць і няшмат
Грашовых страт
Было для ўласнага бюджэту,
Але паслаў аб тым пісьмо
Ён у дзяржаўную газету:
Закон усё ж адменяць мо?
І сапраўды: ці ж плацяць мала
Наймальнікі ў належны фонд?
Аднак газета прамаўчала
Пісьма ягонага наконт.
Дый ці ж ад афіцыйнай прэсы
Чакаць спагады мог бы ён?
Яна бароніць інтарэсы
Тых, хто прыдумаў той закон.
Абараняць Пятра не будзе
І афіцыйны прафсаюз:
Хоць ад законаў стогнуць людзі,
Ды прафсаюз не дзьме і ў вус.
Пятро не шышка, а рабочы,
І не прабіць яму сцяну…
«Пайду «наверх» і хоць у вочы
Я злыдню гэтаму зірну,
Які дзярэ з народа скуру
І праглынуць гатоў жыўцом…»
У Міністэрства працы здуру
Ён запісаўся на прыём.
І выйшла так, што ўжо праз тыдзень
(Пашанцавала дзецюку!)
Пятра прыняў той самы злыдзень
І нат падаў яму руку.
Пасля працяглае размовы
Пятро пытаецца ў яго:
— Я ўсё прыняць, бадай, гатовы —
Не разумею аднаго
(Хоць абмяркоўваў і з сябрамі,
Ды не маглі ніяк дапяць):
Чаму тры дні ўсяго абралі,
Каб не плаціць? Чаму не пяць?
Чыноўнік, каб Пятро дапетрыў,
На свой закон праліў святло:
— Я дні не высмактаў з паветра —
Усё прадумана было.
Ты, скажам, добра ўзяў на грудзі —
Набраўся так, што з-за стала
Выцягваць змусіліся людзі.
Таму назаўтра, з «пахмяла»,
Ты будзеш, ясна, не ў гуморы,
На свет глядзецьмеш, як сава,
Яшчэ і вырашыш, што хворы —
Баліць, як рана, галава.
Падумаеш: «Якая праца?
Бальнічны ліст патрэбны мне…»
Дык каб з пахмеллем разабрацца,
Тры дні і трэба. Так ці не?
Затым дадаў не без хітрынкі:
— Сканаў бы на чацвёрты дзень,
Дык аплацілі б мы памінкі
(Прычым адразу, без замінкі),
А заадно і бюлетэнь…
Алесь НЯЎВЕСЬ
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
З-за закускі рэвізоры засталіся не ў гуморы
Начальнік-прайдзісвет папоўніў партманэт
Чыноўнікам прасцей прыструніць і дзяцей