TOP

Зазірнуў куды не след і агледзеў «туалет»

Падчас наведвання ААТ «Тэхніка сувязі» ў Барані Аршанскага раёна прэзідэнт змяніў традыцыйны маршрут і зазірнуў туды, дзе яго не чакалі. «Вось ваш твар… — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы не планавалі, што я зайду ў ваш «туалет»… Мы пакажам усяму народу, як вы працуеце…» Прывыклі мы да гэткай явы, І знае нават цёмны дзед: Прыедзе кіраўнік дзяржавы — Наводзіць будуць марафет.

Фарбуюцца дамоў фасады,
На вулках паляпшаюць від…
Для ўсіх прадстаўнікоў улады —
Выпрабаванне той візіт.
Прымаюцца любыя меры,
Каб дагадзіць правадыру,
І можа быць канец кар’еры,
Як штось яму не па нутру.
Калі ж уздумаецца Бацьку
Раптоўна памяняць маршрут
І зазірнуць кудысь знянацку,
Чакае ўвогуле капут.
Нядаўна так было і ў Оршы,
Дзе ёсць пасёлачак Барань.
Раён, бадай, не самы горшы,
Прынамсі, там не голь ды рвань.
Таму спакойна, самавіта
Трымаліся гаспадары,
Калі хадзілі Бацька й світа
У памяшканнях, у двары,
Як і было наканавана
«Экскурсаводамі». І тут
Самохаць Бацька нечакана
Змяніў прызначаны маршрут,
І не налева, а направа
Накіраваўся ён. А там
Вачам, канешне, нецікава:
Усюды смецце, бруд і хлам.
Галоўнаму «экскурсаводу»
Сказаў краіны валадар:
— Пакажам гэта ўсё народу,
Бо вось дзе ваш сапраўдны твар!
Вы нас кармілі тут маною,
Дык хай увесь народ зірне!
Свой «туалет», дзе кучы гною,
Схаваць хацелі ад мяне!
Сказаў бы і не тое слова,
Агрэў бы прэзідэнт як след,
Каб зазірнуў ён дадаткова
Яшчэ ў сапраўдны туалет…
* * *
Што даў візіт раптоўны гэты?
Канешне, у наступны раз
Напраўду драіць туалеты
Усюды будуць напаказ.
Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Мы й не ведалі, што тут пад кантролем нават блуд

З-за закускі рэвізоры засталіся не ў гуморы

З сучаснага народнага гумару

Начальнік-прайдзісвет папоўніў партманэт

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.