TOP

Сарцірам, што над Сожам, мы ганарыцца зможам

У Гомелі на ўзбярэжжы ракі Сож будуецца грамадскі туалет коштам паўтара мільёна рублёў. Мы туалетаў маем шмат. Аднак, сябры, прызнаем шчыра, Што сёння і ў сталіцы нат Няма харошага сарціра,

Каб быў прыстойны інтэр’ер,
Тым болей велічны, шыкоўны.
А ў вёсках нашых і цяпер
Стаяць увогуле «шпакоўні»!
Ну, карацей, умоў няма,
Каб выдаляць усё, што з’есца.
Найбольш бянтэжаць нездарма
Сарціры, што ў грамадскіх месцах.
І людзі простыя, і ўрад
Нарэшце зразумець павінны:
Сарціры нашыя — не зад,
Сарціры — гэта твар краіны!
Як прыязджае нейкі пан
Ці ўвогуле з замежжа госці,
Дык не заўсёды ў рэстаран
Яны ідуць, каб з’есці штосьці.
А вось тутэйшы туалет
Наведваюць абавязкова,
І ў клёпках пакідае след
Пакойчык той ці пабудова.
І параўноўваюць яны,
І згадваюць свае «харомы»…
Бываў я, дзе жывуць паны,
І іхні побыт мне знаёмы.
І трохі прыкра мне было,
Уразіў вельмі побыт гэты,
Бо з нас не ў кожнага жытло
Такое, як у іх клазеты.
І вось цяпер на цэлы свет
Сарцірам пахваліцца зможам:
Дыхтоўным будзе туалет
У слынным горадзе над Сожам.
Туды мы ўбухаем рублёў
Не менш чым паўтара мільёна.
І мне шукаць не варта слоў,
На добры толк, для фельетона.
Канешне, у сарцір часцей
Хадзіцьмуць нашы гамяльчане.
Аднак жа прыме і гасцей
Пасля вячэры ў рэстаране.
Вазіцьмем, можа, мы туды
Экскурсіі і са сталіцы.
Далекавата? Той бяды!
Затое зможам пахваліцца!
Дый у самога план узнік:
Пасля харошага абеду
Білет набуду на цягнік
І «пасядзець» туды паеду…
* * *
За ўзор, напэўна, мы ўзялі
Сарціры ў старажытным Рыме,
І асабліва ў час, калі
Імперыя была на ўздыме:
Сарціры — храмы акурат,
А ўсе ўнітазы — быццам троны.
Парой збіраўся там Сенат
І нат
Прымаліся законы.
І мы займеем гэткі храм —
Якраз для дзеячаў улады.
І можа быць, што потым там
Збірацца будзе выканкам,
Праводзіць сходы і нарады…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

У чыноў такі дрэс-код, што не ўпішацца народ

Зазірнуў куды не след і агледзеў «туалет»

Мы й не ведалі, што тут пад кантролем нават блуд

З-за закускі рэвізоры засталіся не ў гуморы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.