TOP

Не абдзяляе Бацька ўвагай і ўвесь народ частуе дзягай

Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў законапраект аб супрацьдзеянні дамашняму гвалту. «Харошы рэмень нават карысны для дзіцяці», — сказаў ён. Тых, хто сядзіць за школьнай партай, І тых, хто ходзіць пад сталом, Выхоўваць, так бы мовіць, варта І пернікам, і бізуном.

У тым зусім няма сакрэту:
Сям’я якою б ні была,
Дзіцёнку дадае імпэту
Узнагарода, пахвала.
Калі ж ідзе вучоба туга
Ці сын лянуецца падчас,
Канешне, бацькава папруга
Для выхавання — самы раз.
Да працы ў сына ўзнікне цяга,
Як след вучыцца ён пачне,
Калі хоць трохі рэмень-дзяга
Паходзіць па яго спіне.
Ды што й казаць, мяне таксама,
Калі я быў яшчэ хлапцом,
Так «частавалі» тата й мама,
Прычым не дзягай, а дубцом!
Парою быў і след глыбокі —
Барвяніліся пісагі.
Магу сказаць, што тыя ўрокі
Прынеслі вынік неблагі.
Цяпер папруга ўжо не ў модзе.
Далонню маці хлапчуку
Па срачцы пройдзецца — і годзе.
Або паставіць у кутку.
«Да дзетак трэба мець спагаду,
Іх шкадаваць павінны мы», —
Цяпер выказваюць параду
Спяцы з настаўніцкай гурмы.
Дадаткам нашы лібералы
Падрыхтавалі і закон.
Праект прадуманы, удалы,
На месца ўсё паставіць ён.
Прынамсі, самі лічаць гэтак.
Аднак жа Бацька іх абсек
(Выхоўваў ён уласных дзетак,
А значыць, мудры чалавек):
Хоць заслугоўвае увагі
Такі закон наконт дзяцей,
Але пры дапамозе дзягі
Выхоўваць іх нашмат прасцей.
Напэўна, правільныя словы,
І, мусібыць, усе амаль
З падтрымкай выступіць гатовы,
Ды ёсць, на жаль,
Адна дэталь…
Я слова «Бацька» ў фельетоне
З вялікай літары пішу,
Бо Бацька ён
(Так кажуць сёння)
Усім, любому бульбашу.
Ён сочыць, каб у «нашай хаце»
Сябе паводзілі як след
І маладыя бацька й маці,
І векавы дрымучы дзед.
Ён нас выхоўвае бясконца
З тэлеэкрана і з трыбун,
І для таго па завядзёнцы
Выкарыстоўвае бізун…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

У нас павінны педагог варочаць гной і класці стог

Былі, напэўна, планы падацца ў партызаны

Не прыдумаць мудрэй пра свіней і курэй

Сарцірам, што над Сожам, мы ганарыцца зможам

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.