Каб не супярэчыць закону, павесь не партрэт, а ікону
Жыхарка Мінска напісала скаргу на апазіцыйнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую: скаржніца патрабуе «абавязаць дэпутата Канапацкую размясціць на сцяне рабочага кабінета партрэт прэзідэнта». Жанчына — варты дэпутат. Свая ў яе, як кажуць, ніша: Сустрэч з народам мае шмат, А да таго ж, законы піша.
Яна заўсёды на віду
І інтэрв’ю дае газетам.
Вось толькі выйшла, на бяду,
Няўвязка прыкрая з партрэтам.
Яна партрэт правадыра
Не пачапіла, бач, на сценку.
«Выходзіць, што крычаць «ура!»
Не хоча Бацьку Лукашэнку! —
Выснову гэткую чамусь
Зрабіла цётка са сталіцы. —
Улада, пачапіць прымусь
І дай у карак маладзіцы!
Да шчасця Бацька нас вядзе,
Ён для людзей настаўнік добры,
А, выбачайце, гламаздзе
Чамусьці ён не даспадобы.
Дык ёй насоўгайце ў каршэнь —
Няхай паплаціцца за гэта,
Няхай наш Бацька кожны дзень
За ёю сочыць хоць з партрэта!..»
І цётка тая свой данос
«Наверх», само сабой, паслала.
Што ўспрымуць там яго ўсур’ёз,
Сумненняў, безумоўна, мала.
А ў чым сапраўдная віна,
Чаму прэсуюць без спагады?
У апазіцыі яна
Да нашай сённяшняй улады.
* * *
Прынесла хай бы ў кабінет
І там павесіла ікону.
Ніхто б не збэсціў той «партрэт»,
Бо ўсё па Божаму закону…
Алесь НЯЎВЕСЬ
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Жывуць як след палякі, а мы — як небаракі
Прад’явіўшы «дакумент», згвалтаваў ілжывы «мент»
Чаму дарослыя і дзеткі не носяць да скульптуры кветкі?
Калі не радуюць гульнёй, няхай ідуць варочаць гной