TOP

Надзея ў іх цяперака, што выручыць Амерыка

Мясцовая ўлада ліквідавала аўтастанцыю ў аграгарадку Доўск. Зняверыўшыся ў тутэйшым начальстве, жыхары напісалі зварот да прэзідэнта ЗША Трампа: просяць устанавіць на закрытай аўтастанцыі біятуалет, сметніцы, лаўкі, печ-«буржуйку»… Як станцыя ў мястэчку знікла, Спазналі людзі шмат пакут: Аўтобус не спыняўся звыкла, Далей працягваў свой маршрут.

На чым патрапіць ім у горад,
Калі наўсцяж — далечыня?
Такі адчай, такое гора,
Што хоць заводзь сабе каня.
У выканкам пісалі блізкі,
І ў цэнтр пісалі абласны,
Аднак адтуль — адны адпіскі,
Ігнаравалі іх чыны.
Калі стаялі людзі ўранку
Там, дзе разлеглася шаша,
Усклікнуў хтось:
— Давайце Трампу
Напішам — прэзідэнту ЗША!
Яму, прынамсі, толькі веру —
Касьцмі лажыцца за народ!
Знайшлі і ручку, і паперу,
І склалі ўсёй гурмой зварот.
Паставіць лаўкі папрасілі
І печ-«буржуйку» для цяпла,
Бо ад марозу кожны сіні,
Да кішак сцюжа праняла.
Стаяць няпроста ля дарогі,
Калі паснедаеш як след,
А туалет паблізу ўбогі…
Патрэбны біятуалет!
Усё, што напісалі разам,
Паслалі заказным пісьмом.
Хай паспяшаецца з адказам,
Хай дапаможа Белы дом!
* * *
З калегам пра пасланне тое
Мы гаварылі кагадзе,
І я сказаў:
— Яно пустое.
Што жыхарам у іх бядзе
Паможа Трамп, не вераць самі.
Чаму ж звярнуліся тады?
Ці для насмешкі напісалі,
Ці ў іх паехалі глузды…
Калега ж выказаўся трапна,
Як быццам вынес ён прысуд:
— Хутчэй займееш штось ад Трампа,
Чым ад чынуш, што правяць тут…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Сярод знаёмых і сяброў нямала птушак і звяроў

Залішнія ў судзе дэбаты: папаў туды, дык вінаваты

Ні Апанас і ні сусед не выйдуць болей на пікет

Ці здолеюць дапамагчы для халахупа абручы?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.