TOP

«Хлеб, бульбачка, БелАЗ, БМЗ», альбо Пра што можна спрачацца з лудытамі?

«Флагманы вытворчасці» даўно пераўтварыліся ў «вечныя рухавікі» па з'яданні дзяржаўных грошай. Змагацца за іхняе захаванне ў цяперашнім выглядзе — гэта ірацыянальна, усё роўна што змагацца супраць зʼяўлення аўтамабіляў.

Хіба магчыма ўявіць, каб нейкі чалавек гадамі хадзіў на завод, праводзіў там увесь працоўны дзень, але не атрымліваў ніякага заробку?

Нядаўна мяне — здаецца, звыклага да ўсяго — моцна ўразілі некалькі лічбаў. Першая. Беларускі бюджэт фактычна (шляхам выпуску аблігацыяў) узяў на сябе 600 мільёнаў доўгу Беларускага металургічнага завода. Другая лічба: доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя даўгі БелАЗа на сёння, паводле некаторых ацэнак, складаюць 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў.

Для лепшага разумення гэтых лічбаў паведамлю, што даходы беларускага бюджэту на 2021 год запланаваныя каля 23 мільярдаў рублёў, што менш за 10 мільярдаў долараў.

Мне даўно падаецца, што ў стаўленні дзяржавы да «флагманаў прамысловасці» ёсць нешта ірацыянальнае і нематэрыяльнае.

Вось як, напрыклад, у адносінах да тэмы сельскай гаспадаркі. Там улада, ад Лукашэнкі да шараговага прапагандыста, заўсёды актыўна і дакучліва цісне на ірацыянальныя матывы. «Свой хлеб, свая бульбачка», «выжывем, не будзем галадаць», «пакуль ёсць ураджай — нас не нагнуць», «харчовая незалежнасць» і гэтак далей. Актыўна падключаюцца сялянскія архетыпы, генетычная памяць пра голад і войны. Гэта каб перавесці размову ад спакойных і рацыянальных аргументаў у галіну эмацыйнага.

Памятаю, калі я быў сумленным гарадскім хлопчыкам, то вельмі чулліва адгукаўся на ўсю гэтую прапаганду пра хлеб, які трэба берагчы як «зеницу ока». Я не мог дазволіць сабе выкінуць кавалак хлеба ў сметніцу. Калі хлеб чарсцвеў, мама (таксама гарадская) неяк яго выкарыстоўвала: дадавала ў катлеты, рабіла квас, сушыла сухарыкі і гэтак далей. 

Але каля я прыехаў летам у вёску, усё гэта разбілася аб рэальнасць, у якой хлеб куплялі боханамі (дазволена было два ў адны рукі, таму кожны дзень бабуля дасылала і мяне ў краму, каб і я купіў сваю норму). Хлеб ішоў на корм курам, карове, свінням і нават на падкорм рыбы падчас рыбалкі — бо ён быў танны. Такім чынам маё ідэалагічна-ідэалістычнае дзіцячае стаўленне да хлеба разбівалася аб стаўленне матэрыяльнае маіх дзеда і бабцы (якія, дарэчы, прайшлі вайну і голад), у якім хлеб быў усяго толькі танным прадуктам.

Адбіраюць грошы ў тых, хто працуе добра, і аддаюць іх тым, хто працаваць не ўмее.

Але парадаксальна, што гэта ідэйна-ірацыянальнае стаўленне да «хлебушка і бульбачкі» сённяшняя ўлада і прапаганда пераносіць і на такія выключна матэрыяльныя рэчы, як вытворчасць металу ці трактароў. БелАЗ, Трактарны, Металургічны прапануецца разглядаць не як прадпрыемствы, кампаніі, сэнс існавання якіх — прыбытак і рэнтабельнасць. Навязваецца іхняе ўспрыманне як «хлебушка і бульбачкі», як чагосьці сакральнага, без чаго немагчыма існаваць, як гонар Беларусі, як тое, на што мы ўсе павінны скінуцца, каб яно не памірала.

Хіба магчыма ўявіць, каб нейкі чалавек гадамі хадзіў на завод, праводзіў там увесь працоўны дзень, але не атрымліваў ніякага заробку. Нават наадварот, ягоная жонка, дзеці ці бацькі плацілі б з уласнай кішэні грошы прадпрыемству, дзе ён працуе. Менавіта так выглядае дзейнасць галоўных дзяржаўных «флагманаў вытворчасці» — яны гадамі атрымліваюць грошы з бюджэту. Беларускія ўлады — гэтакія незвычайныя Робін Гуды: адбіраюць грошы ў тых, хто працуе добра, і аддаюць іх тым, хто працаваць не ўмее.

Але калі хтосьці звяртае ўвагу на гэтую відавочную анамалію, то дзяржаўная прапаганда называе такіх людзей «непатрыётамі» (гэта раней), а зараз — ворагамі народа і здраднікамі. «Яны хочуць, каб Беларусь пазбавілася нашага гонару — БелАЗаў, а заводскія цэхі будуць аддадзеныя гандлярам альбо мастакам» (Дарэчы, не самы горшы варыянт — ужо сёння найбольш цікавыя культавыя творчыя пункты Менска размясціліся ў былых савецкіх вытворчасцях, напрыклад, у «Гарызонце» — і, як падаецца, цяпер ад гэтых памяшканняў больш карысці).

На самай справе хацелася б, каб гэтая вытворчасць прыносіла тое, для чаго яна і існуе — рэнтабельнасць і прыбытак. Іначай усе гэтыя новыя, усё больш вялікія і магутныя БелАЗЫ — проста чыёсьці вельмі дарагое хобі, за якое дзясяткі гадоў плаціць уся краіна. Нейкі дзівак можа заняцца сёння вытворчасцю, напрыклад, касетных магнітафонаў, і здзіўляцца, чаму гэтыя магнітафоны ніхто не купляе за сто долараў. Гэта як праект «вечнага рухавіка», які зʼядае энергіі больш, чым спажывае. Але вынаходніку ён, безумоўна, вельмі дарагі, бо выконвае вялікую «сацыяльную функцыю» — вынаходнік увесь час ім заняты, а таксама ўвесь час шукае сродкі на ягонае існаванне. (Памятаю, мяне ў свой час моцна ўразіў допіс у сацсетках аднаго інжынера, якія пасля заканчэння інстытута, дзе ён навучыўся працаваць на кампʼютары, быў размеркаваны на адзін з «флагманаў вытворчасці», і яму ў першы ж дзень далі паперу (ватман) і сказалі — «чарціць будзеш тут»).

На сцэну выходзіць песня «Свае хлеб, бульбачка, БелАЗ, трактар»

Рацыянальна патлумачыць, чаму існуе такая эканамічная мадэль, пры якой нейкія прадпрыемствы гадамі і нават дзесяцігоддзямі праядаюць агульныя дзяржаўныя грошы, немагчыма. Таму на сцэну выходзіць песня «Свае хлеб, бульбачка, БелАЗ, трактар» і асобна куплет пра ворагаў, якія хочуць усё гэта знішчыць, пакінуўшы дзясяткі тысяч людзей без працы. Тое, што людзі цалкам могуць знайсці на рынку лепшую працу ў любой сферы — ад будаўніцтва да малога бізнэсу – наўмысна ігнаруецца.

Дзяржаве ёсць куды траціць грошы, акрамя стратных прадпрыемстваў. Толькі ўявіце, колькі рэсурсаў магло б быць накіравана на культуру, адукацыю, мастацтва, на дзяцей і інвалідаў — калі б гэтыя грошы не сыходзілі на «вечны рухавік» «падтрымкі прамысловасці».

Пры тым непазбежнасць зменаў у беларускай прамысловасці ўжо нават амаль не залежыць ад дылемаў «рэформы — не рэформы», «прыватызацыя ці дзяржаўная маёмасць». «Флагманы» вымушаныя будуць змяніцца альбо памерці па аб’ектыўных прычынах, проста ад развіцця тэхналогіяў — рабатызацыі, інфарматызацыі, спецыялізацыі рынкаў. У любой сучаснай вытворчасці ва ўсім свеце скарачаецца колькасць працоўнай сілы — там, дзе ўчора працавалі 10 тысяч, сёння занятая адна.

Змагацца за захаванне «вечных рухавікоў» па зʼяданні дзяржаўных грошай — гэта ўсё роўна што змагацца супраць прыходу ў пачатку 20-га стагоддзя аўтамабіляў, якія сталі выцясняць рамізнікаў (таксі на конскай цяге). Ніхто на Захадзе не змагаецца за захаванне вугальных шахтаў — спрачаюцца аб лепшых і больш спрыяльных умовах іхняга закрыцця, заканчэння працы — але ніхто не бачыць у вугальных шахтах энергетычную будучыню.

Захаванне ў цяперашнім выглядзе «флагманаў вытворчасці» — гэта як рух лудытаў, якія пратэставалі супраць зʼяўлення машынаў (што пазбаўлялі іх працы) падчас прамысловай рэвалюцыі. Ці трэба спрачацца з лудытамі?

Парадокс сітуацыі ў тым, што ў Беларусі лудысцкі рух узначальвае сама дзяржава.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.