TOP

Васіль Завадскі: Мы абавязкова вернемся – але не паўзком і не на каленях

Изображение: Depositphotos

Год таму былы старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Завадскі мусіў з’ехаць за мяжу. 16 лютага 2021 года ў мінскім офісе прафсаюза адбыўся вобшук, падчас якога на кухні знайшлі патрон ад паляўнічай стрэльбы. Супраць прафсаюза РЭП узбудзілі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

А сяброўскія адносіны з Мікалаем Аўтуховічам зрабілі перад Васілём Завадскім перспектыву турэмнага зняволення вельмі рэальнай і хуткай.

Ён не стаў чакаць “гасцей у балаклавах” і рознымі шляхамі пакінуў краіну.

Амаль год як Васіль Завадскі знаходзіцца ў Літве. Даўно склаў паўнамоцтвы старшыні РЭП і стаў сузаснавальнікам публічнай установы, якая займаецца медыцынскімі праблемамі.

Субяседнік распавёў пра год  вымушанай эміграцыі.

– “Мой вам совет: домой, кайтесь и становитесь на колени! Дальше будет хуже. Поэтому домой, на коленях, ползком!”, – параіў кіраўнік дзяржавы беларусам у выгнанні. Як вы асабіста і беларускі асяродак у Вільні ўспрыняў гэтую прапанову-пагрозу?

– Пасаж увогуле не заслугоўвае абмеркавання. Разглядваць гэтае выказванне трэба з аглядкай на менталітэт ці псіхалогію аўтара; вельмі ўдала характарызуе: “на колені”, ползком”… Зневажаецца вялікая групу людзей… Дарэчы, вы не звярталі ўвагі, як гэтая рыторыка пераклікаецца з выказваннямі і дзеяннямі кіраўніка адной з каўказскіх рэспублік у складзе Расіі?

Нашы грамадзяне пакідалі Беларусь з-за пагрозы пераследу, рэпрэсій – толькі таму, што хацелі, каб краіна жыла па законе, каб у краіне законным спосабам змянялася ўлада. А гэта права любога народу. Большасць маіх суайчыннікаў імкнецца аднавіць законнасць у краіне, і вось тады людзі пачнуць вяртацца. Але не паўзком і не на каленях, а з гонарам – як дастойныя грамадзяне сваёй краіны.

Каяцца давядзецца тым, хто сапраўды парушаў закон. Толькі мы, у адрозненне ад цяперашняй улады, не будзем прымушаць нікога станавіцца на калені і паўзці – справядлівы незалежны суд ацэніць ступень віны кожнага, хто парушыў закон, у тым ліку і падчас выбараў.

А ўвогуле лічу, што падобныя выказванні і дзеянні – ні што іншае, як спроба перавесці фокус увагі грамадства з найважнейўых праблем на другасныя, дробязныя пытанні. Хутчэй за ўсё, такія пасажы – вынік працы рэжымных паліттэхнолагаў, каб мы абмяркоўвалі нейкую бздуру замест рэальных дзеянняў па аднаўленні законнасці ў роднай краіне.

– Год таму, у лютым, пакідаючы Беларусь, вы разлічвалі вярнуцца дамоў праз пару месяцаў. Выгнанне зацягнулася. Якімі адчуваннямі жывяце цяпер, праз год?

– Сапраўды, тады існавалі надзеі, што ўдасца хутка вярнуцца: здавалася, здаровы сэнс і законнасць хутка возьмуць верх. Па шэрагу прычын гэтага не адбылося. Праз тыдзень-два споўніцца год, як я ў вымушаным выгнанні.

Канешне, хочацца вярнуцца на радзіму, дзе пануе закон, справядлівасць, дзе ўлічваецца меркаванне кожнага чалавека – найперш праз выбары. Хочацца вярнуцца, і ёсць адчуванне, што гэта мусіць здарыцца хутка. Цяпер я больш асцярожны ў сваіх жаданнях, тэрмінаў называць не буду, але аб’ектыўны ход жыцця вядзе да таго. Час – такая матэрыя, якая можа то імкліва несціся, то запавольвацца, сціскацца. Кажу, што хутка, але ў кожнага сваё адчуванне часу.

У Вільні я знаходжуся цалкам легальна, але нічога сталага тут не раблю. Вярнуся дадому даволі хутка.

– Вы пакінулі Беларусь як старшыня прафсаюза РЭП пад пагрозай крымінальнай справы. Ці атрымала тая гісторыя працяг?

– Ужо тут я даведаўся, што на мой адрас, дзе даўно, гадоў шэсць-сем не жыву і нават не прапісаны, прыходзіла позва на допыт у Следчы камітэт. Гаворка пра крымінальную справу ў адносінах да прафсаюза РЭП, узбуджаную пасля ператрусу 16 лютага 2021 года. Зразумела, каб я нават быў у Беларусі, то не атрымаў бы позву, бо яна прыйшла на чужы адрас. Разам з тым я пісаў заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем вярнуць мае рэчы і ўласныя фінансавыя сродкі, адабраныя падчас ператрусу. Але атрымаў адказ, што яны яшчэ патрэбныя следству.

Я кантактую з людзьмі з нашага прафсаюза, якіх выклікаюць на допыты па той справе, у якіх таксама забралі асабістыя рэчы і таксама адмаўляюцца вярнуць. Прафсаюз РЭП не мае ніякага дачынення да абвінавачванняў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць гарамадскі парадак), і следчыя гэта выдатна ведаюць. Аднак канфіскаваныя рэчы не вернутыя, а іншых дзеянняў, прынамсі, у адносінах да мяне, не рабілася.

– Вы не адышлі ад беларускіх спраў і ўзначалілі арганізацыю беларускіх медыкаў у Вільні. Колькі медычных работнікаў яна аб’ядноўвае і чым займаецца?

– Мы, тры чалавекі, з’яўляемся сузаснавальнікамі публічнай установы. Гэта не беларускае грамадскае аб’яднанне, для стварэння якога патрэбныя не менш за 10 чалавек з кожнага рэгіёна, а для рэспубліканскага аб’яднання – каля сотні. Тут фармат іншы: ёсць заснавальнікі і нефармальныя сябры. Адна з галоўных мэтаў – аб’ядноўваць неабыякавых людзей, якія хочуць, каб сітуацыя ў Беларусі вярнулася ў прававое рэчышча. Таму мы ладзім дыскусіі, абмеркаванне праблемаў, бо толькі разам можна знайсці правільнае рашэнне і дабівацца ягонага ажыццяўлення.

Не так і многага дасягнул: толькі ў ліпені зарэгістраваліся. Але стараемся, сустракаемся на розных пяцоўках, шукаем новыя магчымасці, якіх тут даволі шмат.

– Маштабы адтоку медыкаў – наколькі крытычныя яны для беларускай медыцыны?

– Аб’ектыўных лічбаў я не ведаю. Але, калі меркаваць па колькасці маіх калегаў, якія выехалі ва Украіну, у Польшчу (у Літве менш, бо моўны бар’ер усё-такі прысутнічае), у беларускай медыцыны сітуацыя вельмі-вельмі складаная. Многа лекараў, спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу мусілі з’ехаць з краіны; з іншага боку, гэта найбольш актыўныя людзі, а яны, як правіла, больш кваліфікаваныя. Акрамя ўсяго, з’язджаюць ў сваёй масе больш маладыя спецыялісты. І менавіта гэтыя людзі наўрад ці ўжо вернуцца ў краіну, нават калі сітуацыя ў Беларусі і стабілізуецца: яны паціху адаптуюцца, а заробкі на Захадзе непараўнальна лепшыя ў медыкаў. Гэтыя ды іншыя акалічнасці ў выніку пераважаць пры прыняцці рашэння: вяртацца ці не вяртацца.

Сітуацыя трывожная. А калі яшчэ ўвядуць 10-гадовую адпрацоўку для маладых медыкаў – гэткае “прыгоннае права” ў медыцыне, хто тады пойдзе вучыцца? Мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі на лекараў пацягнуцца двоечнікі… Вельмі вялікая праблема для Беларусі, якая, з майго пункту гледжання, толькі абвастраецца.

І сведчаннем таму – жахлівыя чэргі ў паліклінікі, дый само Міністэрства аховы здароўя прызнае гэты факт. Раней таксама бывалі эпідэміі, таго ж грыпу, але падобных “ангшлагаў” мы не бачылі. Такое склалася ў тым ліку з-за эміграцыі медыкаў.

Сітуацыя блізкая да крытычнай. Адна справа – проста трапіць на прыём, і зусім іншае – атрымаць адэкватную дыягностыку і лячэнне. Мініздароўя на днях правяло брыфінг, на якім зноў казалі пра зніжэнне захворваемасці на рак за мінулы год, ледзь не на 30 адсоткаў. Не спяшаўся б радавацца з гэтай лічбы: я больш схільны тлумачыць зніжэнне тым, што дыягностыка анкалагічных захварванняў зараз стала цяжка даступнай з-за кавіду і з-за недахопу спецыялістаў. І я баюся, каб гэта праз год-другі не абярнулася імклівым ростам. Так што заява, нібыта каранавірус зніжае колькасць анкалагічных захворванняў, з майго пункту гледжання, не навуковая, скажу дыпламатычна.

Неабходна таксама адзначыць: з’язджаюць не толькі медыкі. Трывожна, што краіну пакідаюць самыя актыўныя, адукаваныя, кваліфікаваныя людзі. Усё гэта вельмі хутка адаб’ецца і на эканамічным становішчы краіны, і на дабрабыце кожнага грамадзяніна. Тое, што дзейсная ўлада не спыняе рэпрэсіі, палітыку распаўсюду ў грамадстве атмасферы страху, сведчыць: вышэйшае кіраўніцтва заклапочанае толькі захаваннем асабістай улады; патрэбы шэраговых грамадзян для іх – проста пусты гук, крывадушная рыторыка.

– Якія старты беларускаму грамадству нанесла стратэгія “трактара, гарэлкі і лазні”? Ці можна ацаніць ейныя маштабы збоку?

– Відавочна, беларуская статыстыка па каранавірусу ілжывая. Праблема не вырашалася, а хістанні ўладаў (маскі то трэба насіць, то начальніцкі вокрык “зняць наморднікі”) прывялі да таго, што амаль ніякіх мер прафілактыкі ў Беларусі не прымалася. Я не прыхільнік лакдаўнаў, як на Захадзе, не лічу такую тактыку правільнай. Але мінімальныя каранцінныя меры, якія даўно распрацаваныя і прымаліся падчас ранейшых усплёскаў рэспіраторных захворванняў (грыпу і іншых), прымаць трэба было. Чаму б не аб’явіць дадатковыя канікулы ў школе, чаму б максімальна не пашырыць дыстанцыйнае навучанне ці дыстанцыйную працу, дзе тое магчыма? Гэтыя меры маюць свае недахопы, але калі на шалі пакласці здароўе і нейкія нязручнаяці, здароўе павінна безумоўна пераважаць.

Маскі, рэспіратары таксама маюць сваю эфектыўнасць. Хай і не стоадсоткавую, але маюць.

У беларускай медыцыне абвастрыліся і арганізацыйныя пытанні. Беларусь называюць “выспай саўковасці” – і гэтая саўковасць дагэтуль застаецца. Нясмелыя і часта непаслядоўныя крокі (бальнічныя лісты могуць выдаваць і студэнты 6 курса медвузаў, кіраўнікі арганізацыі могуць дазволіць сваім работнікам хварэць без бальнічнага да трох дзён і д.т.п.) робяцца, але гэта запозненыя і непаўнавартасныя рэакцыі, многае трэба было рабіць раней і больш рашуча. Памерла многа людзей, чые жыцці можна было выратаваць, – а памерлі ў тым ліку з-за праблемаў у арганізацыі медыцынскай дапамогі.

– Як вы ставіцеся да запланаванага на 28 лютага рэферэндума? Чым ён можа абярнуцца да краіны?

– Мы вызнаём, што сёння ў Беларусі ўлада нелегітымная, ўсе яе дзеянні, прынамсі, у палітычнай сферы, таксама нелегітымныя. І таму гэты рэферэндум – толькі чарговая цацка. Для чаго? Мяркую, гэта спроба легалізаваць сябе праз рэферэндум. Але не думаю, што такі нумар пройдзе.

Я не прымаю пазіцыі, што трэба ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве: калі ўлада нелегітымная, то і арганізаваны ёй рэферэндум таксама незаконнны. Я, канешне, магу і памыляцца, але не бачу ніводнага важкага аргумента за тое, каб ісці на ўчасткі для галасавання.

Любы ўдзел, на мой погляд, – гэта садзейнічанне легалізацыі незаконнай улады.

Даведка

Васіль Завадскі – лекар (грамадскае здароўе і ахова здароўя, псіхіятрыя). Праваабаронца, эксперт у галіне абароны правоў зняволеных, іх сваякоў і асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Больш за 20 гадоў працаваў у пенітэнцыярнай сістэме. У 1998-2010 гг. – начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З 2017 г. – заснавальнік і дырэктар праваабарончай арганізацыі – сацыяльна-інфармацыйнай установы «ТаймАкт».

 

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.