TOP

Займелі лекі ад недарэкі

На распрацоўку вакцыны супраць свіной чумы з дзяржбюджэту было выдаткавана 2,2 мільярда рублёў. Гендырэктар (цяпер ужо былы) Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі размеркаваў гэтыя грошы паміж жонкай, дзецьмі, сваякамі, якія быццам бы распрацоўвалі лекі. Нікуды не вартую «вакцыну» папросту знішчылі. Хваробы — гэта не сакрэт — Для нас заўжды пакута. Таму выказваў свой імпэт Дырэктар інстытута,

Казаў калегам наўзахлёб,
Даводзіў афіцыйна:
— Патрэбна ад усіх хвароб
Мікстура ці вакцына.
Я вынайсці яе магу —
Былі б на гэта сродкі.
Улада, у сваю чаргу,
Праз час зусім кароткі
Азвалася, за шырмай слоў
Не ўнюхала падвоху:
«Святая справа. Дам рублёў
На тое. І не троху…»
«Не троху» — гэта не мільён.
Мільярды меў з бюджэту.
Хай вынайдзе вакцыну ён
На радасць нам і свету.
Ды, атрымаўшы гэткі куш
(А ён на грошы падкі),
Зніякавеў вучоны муж,
Душу загнала ў пяткі,
Бо пра вакцыну ад хвароб
Ён швэркаў для бравады —
Быць на віду яму ўспадоб.
Цяпер жа сам не рады.
Дык што рабіць яму, калі
Ужо «пракукарэкаў»?
Прыдумаць клёпкі не маглі
І самых простых лекаў,
А абяцаў перамагчы
Усе хваробы разам:
І гемарой, і смаркачы,
І язвы, і маразм.
Палічыць люд за гламазду,
Таму адчай — бясконцы.
Вучоны муж сваю нуду
Прынёс дахаты, к жонцы.
А тая мовіла:
— Таўкач!
Чаго ты ныеш здуру?
Ды мы прыдумаем як бач
Патрэбную мікстуру!
Яна булён зняла з пліты
І змесцівам зялёным
Напоўніла графін пусты.
Затым над тым булёнам
«Паваражылі» як адзін
Насельнікі кватэры.
Віягры трохі ўкінуў сын
(Распусны ён без меры).
Зрабіла ўнёсак свой дачка:
Духі зняла з паліцы
І іх напырскала з глячка
(Духі купіла ў Ніцы).
Дастала знекуль яд змяі
Для той вакцыны цешча
(Яна галоўная ў сям’і —
Па плешы зяцю плешча).
Чаго ж стаяць яму ўбаку?
Як кажуць, для прыварку
І сам вучоны каньяку
У «лекі» плюхнуў чарку.
І словы жончыны, бадай, —
Не кпіны і не здзекі:
— Мільярды тыя нам раздай,
Бо мы зрабілі лекі.
Згадзіўся з ёй вучоны муж
(А зрэшты, як заўсёды)
І выпісаў для родных душ
За лекі ўзнагароды.
Аднак за працы плён такі,
За гэткую мікстуру
Пазвалі строгія дзядзькі
Яго ў пракуратуру.
Ішла размова шмат гадзін
Аб поспехах ягоных.
Падсумаваў дзяцюк адзін
(Тры зоркі на пагонах):
— А доказы лячэння дзе?
Ці скажа медыцына,
Што сапраўды камусь з людзей
Дапамагла вакцына?
І пажвавеў вучоны муж,
Нібыта скінуў путы:
— Мой сын нядаўна быў нядуж —
Гнялі душу пакуты.
А потым прэмію далі
Сыночку за вакцыну.
Ён акрыяў зусім, калі
Купіў сабе машыну!
Дачушка плакала парой
З-за нейкае халеры.
Цяпер жа радасны настрой:
Жыве ў сваёй кватэры!
Задышка, млявасць, цэлюліт
Былі ў любімай жонкі.
Але як з’ездзіла на Крыт,
Хваробы адышлі ў нябыт
І стан амаль што гонкі.
З-за язвы быў характар злы
У цешчы год каторы:
Магла ў кісель падліць смалы…
Памог ёй санаторый!
Службовец:
— Асабіста Вы
Што вылечылі ў целе?
Хваробы ж з ног да галавы,
Напэўна, ў вас заселі…
— Не, я здаровы, як бугай,
Маральны стан харошы.
А грошы?
Іншыя няхай
Купаюцца ў раскошы.
Зусім не трэба мне пірог —
Магу й скарынку грызці.
Таму працую, далібог,
Не для сваёй карысці…

Алесь Няўвесь

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Рубрыца «Фельетон»:

Не чаравікі, а трусы дадуць у іншыя часы

Нікому не вядома, адкуль у іх харомы

Лішні мільён дае пенсіён

Ад старшыні паперлі, як і звычайна, «перлы»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.