TOP

Разлічваў дзед на блуд і страціў грошай жмут

У Вілейцы тры смуглявыя маладзіцы прапанавалі 80-гадоваму дзеду набыць пасцельную бялізну. Ён купіў яе на 300 рублёў і паабяцаў значна большую суму, калі маладзіцы спатоляць яго сексуальныя фантазіі. Тыя пагадзіліся, але пажадалі папярэдне памыцца. Пакуль дзед «здабываў» гарачую ваду ў ванне, маладзіцы сышлі. Прапалі і 2000 рублёў… Адзін ужо гадоў у сорак У ложку з дзеўкаю здыхляк, І без віягравых падпорак Яму не можацца ніяк;

Другі ж, нібы бугай на ферме,
Мацак і ў восемдзесят год,
Яго нутро «налева» верне,
Ён жыць не можа без прыгод.
Вось гэткім быў і дзед Даніла.
Хоць знешне ён ужо стары,
Ды кроў гарачая бурліла
Ракою горнаю ўнутры.
Даўно ўжо родную Хвядору
На Страшны суд паклікаў Бог.
Туды б, бадай, і дзеду ўпору,
Ды ён змірыцца з тым не мог.
Яшчэ пускаў Даніла сліны,
Як бачыў дзеўку праз акно…
І вось прыйшлі к яму жанчыны,
Прычым адразу тры ажно!
Яны не трэцяй маладосці,
А кроў, як кажуць, з малаком!
Даніла ўраз «паплыў» ад млосці,
На цыцкі пазіраў тайком.
Цыганскім бляскам ззяюць вочы
У сакавітых маладзіц,
Таму юрлівы дзед ахвочы
Убачыць іх і без спадніц.
І не хаваў свайго намеру:
Ён быў узбуджаны такі!
Чаму ж у дзедаву кватэру
Прыджгалі ўсё-такі жанкі?
З сабою мелі пук вялізны.
Прапанавалі:
— Дзед, купі
Набор пасцельнае бялізны.
Даніла ўвогуле скупы,
А тут абвесціў урачыста
(Дый грошай цэлы жмут дастаў):
— Дальбог, куплю! Рублёў на трыста!
Бо не памру гадоў да ста!
Спярша пацвердзілі цыганкі,
Што жыцьме многа зім і лет,
Але затым ад нечаканкі
Сумеліся…
Усклікнуў дзед:
— Няблага й саграшыць, паненкі,
Было б на новай прасціне.
Дык, можа, здымеце сукенкі
І задаволіце мяне?
Дарма, што выгляд мой — старэчы.
У ложку я яшчэ — як звер!
І грошай многа дам, дарэчы,
Бо я — падпольны мільянер…
Прапанаваў ім «групавуху»
Неўтаймаваны лавелас!
Адна маргнула дзеду-зуху:
— Калі як след абслужыш нас,
Мы заплаціць гатовы самі,
І нават шмат, не нейкі грош.
Дык пашчакочаш нас вусамі,
Патопчаш годна?
— Анягож!
Ды я ўвіхацца буду ў ложку
Не горш, чым певень ці маньяк!
— Патрэбна нам памыцца трошку,
Бо мы з дарогі, як-ніяк… —
Сказалі дзеду маладзіцы.
Данілу гэта па нутру.
— Я ў ванну вам налью вадзіцы,
А потым плечыкі патру!
Як метэор або як куля,
Даніла паляцеў туды.
І ледзь не ў трансе быў дзядуля:
Няма гарачае вады!
Ці штосьці здарылася з кранам,
Ці напартачыў жылкамгас,
Ды на душы ў Данілы — рана,
Яго настрой адразу згас.
Калі ў пакой вярнуўся з ванны,
Застыў Даніла, як цурбан:
Заместа будучай нірваны
Чакаў яго пякельны чан.
Жанчын нямашака ў кватэры,
Прапаў і грошай цэлы жмут.
Хоць сексфантазій да халеры,
Ды застаецца рукаблуд.
І дзед Даніла
У жанчынах
Зусім зняверыўся цяпер.
Грызе скарынкі бедачына,
Бо ён ужо не «мільянер».
Пра «блуд» дазналіся, дарэчы,
Усе суседзі і сябры.
Шкада яго па-чалавечы,
Як кажуць, маху даў стары.
Аднойчы пекная суседка
Прыйшла,
Хаця да гэтых пор
Віталася з Данілам рэдка,
Яго не бачыла ва ўпор.
Сказала дзеду:
— Мой харошы,
Ты да мяне звярнуцца б мог.
Паўгода за такія грошы
Я «абслугоўвала» б, дальбог…
* * *
Дык хай не толькі дзед няшчасны,
Хай кожны
Уваб’е ў мазгі:
Смачнейшы ўсё-ткі хлеб уласны,
А не чужыя пірагі…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Кульнуўшы лішку, аблапаў мішку

Браканьер пайшоў у лес і ў гушчар дрымучы ўлез…

Не руплівец, а гультай больш карысці дасць, бадай

Стук-грук — абы з рук

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.