TOP

Хто агітуе за байкот, таго ў турму на дзесяць год!

Грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» падало ў ЦВК прапановы аб зменах у выбарчым заканадаўстве: удзел у выбарах прапаноўваецца зрабіць не правам, а абавязкам усіх беларусаў, якім споўнілася 18 год. За няўдзел — штраф і нават пазбаўленне права займаць пасаду ў дзяржаўных структурах. Як ні рвуць чынушы глоткі, Як ні цісне ўладны прэс, Ды да выбараў усё-ткі Людзі трацяць інтарэс.

Лепш зрабіць работу дома,
Не губляць дарэмна час,
Калі загадзя вядома,
Хто абраным будзе ў нас.
Хай шчыруюць дэмакраты,
Праяўляюць свой імпэт,
Ім не тое што ў Палаты —
Не папасці ў райсавет.
Іх і ў турмы садзяць часта,
Як разявяць дужа рот…
Дык да выбарчых участкаў
Не спяшаецца народ.
І хоць чуецца бравада,
Але радасці няма:
Захад пляцкае, што ўлада
Выбіраецца сама.
Што ж рабіць?
Парой вясновай
Халуі-паслугачы
Ёй, уладзе, прапановай
Парашылі памагчы.
Вось што выдала «прыслуга»:
Аддавацьмуць галасы,
Калі будзе ўжыта пуга,
Бы ў мінулыя часы.
Каб на выбарчыя ўчасткі
Шыбаваў мясцовы люд,
Так бы мовіць, трэба пасткі
Нам расставіць там і тут.
Скажам, нехта несвядомы
На участак не ідзе,
Спіць або гуляе дома.
Хай акажацца ў судзе,
Дзе яго чакае кара —
Штраф ці нават сутак пяць.
Хоць і мулка ўсё ж на нарах,
Ды таксама можна спаць.
Ці надумаў, скажам, бурны
Дзень правесці кіраўнік:
Не падаўся ён да урны,
А паехаў на пікнік.
Потым будзе сам не рады,
Локці ён кусацьме аж,
Як турнуць яго з пасады
За падобны сабатаж.
Селянін або рабочы
(Звыклы наш электарат)
Слёзы выверне на вочы,
Як дадуць яму пад зад.
І ў сталіцы, і ў райцэнтрах
Годны вынік мы дадзім:
Будзе яўка — сто працэнтаў,
Можа, нават сто адзін!
* * *
Вось такая прапанова…
Ну а я ў сваю чаргу
У ідэю дадаткова
Свой уклад зрабіць магу:
Хай паскуд, што будуць хорам
Нам плявузгаць пра байкот,
Суд агрэе прыгаворам:
У турму на дзесяць год!
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Хай бы дэпартаменты вымерлі, як маманты

Разлічваў дзед на блуд і страціў грошай жмут

Кульнуўшы лішку, аблапаў мішку

Браканьер пайшоў у лес і ў гушчар дрымучы ўлез…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.