TOP

На лепшае няма надзей, таму пара ісці ў музей

У Музеі гісторыі і культуры Наваполацка на службу ўзялі кацяня. Яго, абадранага, пабітага, супрацоўнікі музея падабралі на вуліцы. Яны ўпэўнены: на ганак коціка прывяло не толькі жаданне здабыць прытулак, але і прага пазнання. У кацяняці ёсць спецыяльнае меню і цацкі. Адмысловая падзея,Ёй другія не раўня:Супрацоўнікі музеяПрытулілі кацяня!

А знайшлі яго на ганку.
Гучна мяўкала яно,
Як прыйшлі на працу ўранку —
Аж здалёк было чутно.
Бок у коціка парваны
І наогул кепскі від —
Там і тут на цельцы раны.
Словам, коцік — інвалід.
Ён такі пушысты, мілы!
І шкада яго да слёз.
Кацянятка накармілі
(Малака ганец прынёс),
Поўсць пачысцілі жанчыны,
А для ран дасталі ёд…
Лепшы від у бедачыны —
Адмысловы будзе кот!
Тут жа выспела ідэя
У разумнай галаве:
— Не было ката ў музея,
Дык няхай ён тут жыве!
На дварэ яму пагана,
Бо наперадзе зіма.
А на наш музейны ганак
Ён прыбіўся нездарма.
Коцік горнецца да ведаў —
Гэта зараз не сакрэт.
Ён бы нават і не снедаў —
Толькі б глянуць на партрэт,
На другія экспанаты
Днямі ён глядзець гатоў.
Выбар маецца багаты
У музеі для катоў!
Вось, напрыклад, коцік гэты
Не падаўся ў выканкам,
Хоць святліцы — кабінеты
І людзей паболей там.
Дый ад дзеячаў улады,
Як здаецца мне, сябры,
Не дамогся б ён спагады —
Душы ў іх, як сухары.
Не цікавіла дарога
Нат на мясакамбінат,
Дзе прысмакаў розных многа
І мышэй, напэўна, шмат.
Што ў катоў да ежы прага —
Гэта, мусібыць, лухта.
А яшчэ, сябры, няблага,
Што паслаў нам бог ката:
Кот заўсёды лепей кошкі.
Залічыць патрэбна ў штат:
Мы адшчыквацьмем патрошкі
Са сваіх скупых зарплат.
Кацяняці выйгрыш рэдкі
Падваліў — з гразі ў князі.
Зараз мае выгляд гэткі —
Хоць на выстаўку вязі!
У яго і побыт хвацкі:
Мае коцік (не маню!)
І свае забавы-цацкі,
І штодзённае меню.
Засталіся ззаду беды,
Адышлі нягоды ўсе,
І ў музеі коцік веды
Набывае пакрысе…
* * *
Жытка стала нехарошай,
Шчэрыць мне клыкі свае:
У кішэні мала грошай,
І здароўя не стае.
Як на лепшае надзея
Затухаць зусім пачне,
Лягу я каля музея —
Хай прытуліць і мяне…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

З-за чаго ўзнялася «бура»? Па дарозе бегла кура…

Патрэбна для шчасця купляць, а не красці

А «дэтэктару хлусні» веры больш няма ані!

Гэта ж трэба: дэпутаты — як гарэзы-дашкаляты

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.