TOP

Паспіваліся жанкі, а каровы — як быкі

На фермах Віцебшчыны няма каму даіць кароў. Аблвыканкам разаслаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў рэкамендацыю: замяняць даярак, якія не выйшлі на працу, іншымі работнікамі — бухгалтарамі і г.д. Чыноўніку аблвыканкама Хоць дабрахоць ідзі ў турму, Бо выспявае проста драма: Кароў даіць няма каму.

Застацца льга без «чаркі-скваркі»,
На фермах без чумы чума,
Бо паспіваліся даяркі,
Людзей увогуле няма.
І мудра прагучалі словы
(Запомняцца на ўсе вякі!):
— Калі запусцяцца каровы,
Яны, па сутнасці, быкі.
Дык каб пазбегнуць гэтай драмы,
Каб «меч дамоклаў» не завіс,
У гаспадаркі тэлеграмы
Накіравалі — зверху ўніз:
На гэты ўдарны фронт прыперці
Усіх, хто ў вас жывы яшчэ,
І нават тых, хто ўжо пры смерці,
Хто ледзьве ногі валачэ;
І бухгалтэрыю, вядома,
На ферму трэба вам прыгнаць.
Задзейнічайце агранома,
Бо ў свірны звезена салома
І на палетках ціша-гладзь;
Наогул, мабыць, у канторы
У вас нямала лайдакоў,
Дык хай падоіць з іх каторы,
Каб не было з кароў быкоў…
(Не абысціся без рэмаркі
Праблемы гэтае наконт:
Што тычыць сельскай гаспадаркі —
Усюды там «ударны фронт».)
…Дайшла «ўказайка» й да Данілы —
Ён у калгасе старшыня.
Парой бывае свет не мілы,
Бо без турбот няма ні дня.
Малюнак у калгасе гэткі:
Цяперака калекі тры
Выходзяць абрабляць палеткі —
Хоць сам касі, грабі, ары.
Расклад, канешне, невясёлы,
Ды гэта толькі паўбяды.
Затое з доглядам жывёлы
На ферме гора сапраўды.
Там для Данілы спрэс запаркі,
Вядзе, як кажуць, вечны бой,
Бо нешматлікія даяркі
Прывыклі кідацца ў запой.
Так, як цяперака, ніколі
У вёсцы не пілі жанкі.
Таму й расце быльнёг у полі,
Таму й каровы як быкі.
Калі цвярозая жанчына,
Яна працуе будзь здароў
І к ёй прыдрацца немагчыма —
Як след выдойвае кароў.
Аднак затым, пасля зарплаты,
Усё мяняецца ў жыцці:
Запіўшы, не вылазіць з хаты.
Дык хоць зарплату не плаці —
Яна ўсё роўна на «чарніла»
Спускаецца праз нейкі час.
Таму не ўпарціўся Даніла,
Калі ў калгас
Прыйшоў «указ».
Была сабраная эліта —
Спяцы з канторы, з мехдвара.
Даніла ім сказаў адкрыта:
— За цыцкі брацца вам пара!
Смяшок пачуўся нездаровы
Там, дзе сядзелі мужыкі.
— За тыя цыцкі, што ў каровы! —
Абсек Даніла языкі. —
Амаль у бездані цяпер мы —
Даяркі напіліся зноў.
Таму дарога вам — да фермы,
Дзе вы даіцьмеце кароў.
Дык скласці графік мы павінны,
Хто з вас даіцьме і калі.
Ад слоў тых нават і жанчыны
Суцэльны лямант паднялі:
— Не для таго мы ў інстытутах
Сушылі нашыя мазгі,
Каб дажываць жыццё ў пакутах!
Нам абяцаны лёс другі!
Эліта сельская бурліла,
А ў пульхнацелых маладзіц —
Амаль істэрыка. Даніла
Нарэшце ўстаў і гаркнуў:
— Цыц!
Усе вы думаеце, бачу,
Што гэта я прыдумаў сам.
Хаця б! Падобную задачу
Акрэсліў нам аблвыканкам!
Перад сабою тэлеграмай
Махнуў у доказ кіраўнік.
У маладзіцы гучнай самай,
Як і ва ўсіх, адсох язык.
Натура гэткая ў вяскоўца:
Пярэчыць можна старшыні
(Дый выдаць мацернае слоўца),
«Вярхам» жа — божа барані!
І ўжо вялі сябе рахмана,
Ніхто не рваўся да стала…
І сакратарка раным-рана
На дойку першаю пайшла.
Хоць цыцкі не цягаюць рукі,
Бо ёсць даільны апарат,
Ды без належнае навукі
Усё выходзіць неўпапад.
Сышлі адразу ў сакратаркі
(З таго смяялася сяло)
І макіяж задужа яркі,
І манікюр. Як не было!
Калі вярталася дахаты,
У дзеўкі не хапала зла.
Узгадвала «калгас пракляты»,
Данілу беднага кляла.
А з бухгалтэрыі кабеты
На дойку рушылі гурбой:
Быў «чорным» дзень зімовы гэты —
Адбыўся масавы запой.
Затым балелі рукі, спіны
У цётак суткі навылёт.
Пераканаліся жанчыны:
Даіць кароў — зусім не мёд.
Нагрузцы гэтакай не рады,
Яна — нібы пад дых удар.
Дык ці не лепш сысці з пасады
І абрабляць ля хаты грады,
Вазіць гурочкі на базар?
Была няўвязка з аграномам:
— Кароў даіць — на смех курам!
Што я скажу сваім знаёмым?
Што я скажу сваім сябрам?
І нават сінія апойкі
Не стануць піва піць са мной.
Замест ганебнай гэтай дойкі
Я лепш пайду варочаць гной.
На шчасце, не дайшло да сваркі.
Сказаў Даніла:
— Не дуры!
Цяпер не толькі ёсць даяркі,
Ёсць дзе-нідзе і даяры.
Кароў усё-такі даілі,
Хаця і з горам папалам.
І паштальёнка для Данілы
Больш не насіла тэлеграм.
Станоўчы зрух — навідавоку,
І адчуваўся лёгкі ўздым.
Але ў калгас з другога боку
Бяда падкралася затым,
І зноў кашмар для гаспадаркі:
Спяцоў шукае днём з агнём.
Апроч панаднай сакратаркі,
Не захацеў ісці ў даяркі —
У горад з’ехаў аграном…
* * *
Нас пераконвалі калісьці:
Збавенне — аграгарадкі.
Але ці многа з іх карысці?
У выніку расклад такі:
«Чарніла» жлукціць люд вясковы,
З’язджае з аграгарадкоў,
Таму і дойныя каровы
Ператвараюцца ў быкоў.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

На ўсіх такіх кіраўнікоў не набярэшся малаткоў

На лепшае няма надзей, таму пара ісці ў музей

З-за чаго ўзнялася «бура»? Па дарозе бегла кура…

Патрэбна для шчасця купляць, а не красці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.