TOP

Улада мову топча ў гной і прыкрываецца маной

Жыхарка аграгарадка Ціманава Клімавіцкага раёна, інструктар-метадыст дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Іна Кардабнёва на сваім ютуб-канале брыдка выказалася пра беларускую мову: «дэбільныя словы», «малпава-калгасны акцэнт», «вельмі непатрэбная мова, хай бы яна гарэла сінім полымем» і г.д. Жанчына даводзіць, што мову не варта вывучаць у школе, бо ва ўжытку яна не прыгадзіцца. На настаўніцу (яна лічыць сябе педагогам) у Інтэрнэце абрушыўся шквал папрокаў і праклёнаў, дырэктара ДЮСШ выклікалі ў райвыканкам для прачуханкі. Не дзіўна ўжо, што ў раз чарговы Пачулі ўсе мы шмат абраз Наконт спрадвечнай, роднай мовы (Манкурцтва звыклае для нас).

Выснову «мудрую» зрабіла,
На жаль, «настаўніца» адна,
Што мова наша — для дэбілаў,
Маўляў, «калгасная» яна;
Нашто, маўляў, вучыць у школе
Наогул мову як прадмет,
Калі і рускай нам даволі,
Каб адчуваць сябе як след.
Пасля зняважлівай абразы
Пачуўся не адзін праклён,
Калі давалі ёй адказы
І дзед стары, і маладзён.
Я падтрымаць людзей гатовы,
Таксама зганьбіўшы яе,
Бо сам лічу: без роднай мовы
І нацыі не існуе.
Я не палохаў бы законам,
А зачасаўся б мой кулак,
Каб тут не толькі фельетонам
Ёй клёпкі выправіць.
Аднак…
Дырэктара тае жанчыны
Паклікалі ў райвыканкам
І, мусібыць, не менш гадзіны
Яму мазгі ўстаўлялі там.
І гаварыў чыноўнік, мусіць:
— Калі яна так мысліць, дык
Няхай хоць свой язык прыкусіць —
Брыдоту плешча той язык.
Бо мова для мяне таксама,
Дапусцім, нібы ў горле косць, —
Казаў «бугор» з райвыканкама, —
Але ва ўлады розум ёсць,
Каб не плявузгаць вам пра гэта,
Не баламуціць наш народ.
Паклапаціся, каб кабета
Не разяўляла болей рот.
Што маналог адбыўся гэткі,
Не сумняваюся ані,
Хоць і адсутнічалі сведкі.
Бо з года ў год і дзень пры дні
Усе з уладнай вертыкалі,
Як наканоўваў бог зямны,
Сіротку-мову ў гразь тапталі,
Нібы індыйскія сланы,
Каб да святла прабіцца з глебы
І кволы парастак не змог…
— У мове больш няма патрэбы! —
Тлумачыць выбрык «педагог». —
Навошта «моўныя» пакуты
Патрэбны нашай дзетвары,
Калі на мове інстытуты
Не вучаць з даўняе пары?
Якую ні вазьмі ўстанову,
Што ні завод ці камбінат —
Хіба ж пачуеш тую мову,
Хіба папер на мове шмат?
Хіба гучыць яна з экрана,
Хіба па радыё чутна?
Я пачуваюся пагана,
Калі гучыць усё ж яна,
Як дабіраюся ў трамваі
Ці еду некуды ў метро.
Аж вушы вянуць, ледзь трываю,
Бо выварочвае нутро!
Але ў астатнім, дзякуй богу,
У нас не малпавы «язык»…
Чым запярэчыць «педагогу»,
Не пераходзячы на крык?
Ды і ці варта траціць словы,
Тлуміць курыныя мазгі,
Тлумачачы, чаму для мовы
Цяпер расклад такі благі?
Яна ж усё адно не ўспрыме,
Не пагражае клёпкам зрух,
Хоць будзе швэркаць аб Радзіме,
Пра свой нацыянальны дух…
* * *
Дасюль улада ўсё рабіла,
Каб знік да мовы інтарэс, —
Народ трымала за дэбіла.
І той, што здарыўся, эксцэс,
Як кажуць, выглядае крута:
Жанчына стала акурат
Жывым дакорам для манкуртаў,
Яна — іх прыкры рэзультат…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

Сапёры правялі абрад і трохі палізалі яд

Любуюцца на наш футбол усе краіны навакол!

Будзе ведаць капітан, колькі ў горадзе путан

Гісторыя з флагштокам тутэйшым выйдзе бокам

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.