TOP

Фельетон

Восем экспертаў камісіі зрабілі выснову, што ў кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» «ўстаноўлена наяўнасць прыкмет экстрэмізму». У склад камісіі ўваходзілі тры міліцэйскія начальнікі, два чыноўнікі з ідэалагічнага аддзела Мінскага аблвыканкама. Адзін з экспертаў прызнаўся, што кнігу ў 600 старонак «чытаў не ўсю, толькі па дыяганалі»…

У гарадскім пасёлку Карэлічы Следчы камітэт прыслаў позву 8-гадовай дзяўчынцы. Яе бацька з 2007 года жыве за мяжою. Дзяўчынка — таксама грамадзянка іншай краіны, але мае дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Супраць яе бацькі ўзбуджана крымінальная справа за каментарый у Telegram, таму ўсіх сваякоў выклікаюць на допыты.

У Дзень Перамогі мінчанка Галіна Лапіцкая выйшла на вуліцу з партрэтам свайго бацькі-ветэрана. Праваахоўнікі склалі на яе пратакол («мацюкалася ў грамадскім месцы, супраціўлялася пры затрыманні»), а суд арыштаваў на 20 сутак.

На даху шматпавярховага будынка ў самым «бунтарскім» раёне сталіцы, Новай Баравой, моцны вецер зламаў флагшток, на якім мацаваўся чырвона-зялёны сцяг. Тэрмінова прыехалі чатыры міліцыянеры і забралі палатно.

АМАП затрымаў 13 жанчын і 7 мужчын у саўне ― «за несанкцыяванае мерапрыемства». Падставай для пратаколаў стаў бел-чырвона-белы сцяг, які ляжаў на падлозе, аднак «пратэстанты» сцвярджаюць, што ў лазню сцяг з сабою не бралі, яго падкінулі…

У Смаргоні пасля судовага працэсу над двума мясцовымі жыхарамі ў калідоры нехта выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!» Гэтыя словы пачула старшыня суда. Усе, хто знаходзіўся ў калідоры, былі затрыманыя. Іх справу разглядаў ужо суд Астравецкага раёна. 10 чалавек пакаралі: каго штрафам, каго «суткамі». А таго, хто крыкнуў, так і не выявілі…

У Мінску 13-гадовая школьніца напісала на асфальце слова «жыве». Супрацоўнікі міліцыі ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла гэта «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту наконт правядзення сумленных выбараў». Як доказ — «слова напісана на беларускай мове, а моладзь не гаворыць па-беларуску».