TOP

У міністра-бюракрата козыр — клятва Гіпакрата

На калегіі Міністэрства аховы здароўя міністр Васіль Жарко сказаў, што ў гэты няпросты крызісны год кожны з медыкаў разумее, што даваў клятву Гіпакрата, «і працуе не за грошы, а па сумленні і па сваім прызванні». Наш люд не знае ні халеры,А хто такі ён, Гіпакрат.Ён жыў даўно, да новай эры,І звестак пра яго няшмат.

Аднак жа сёння пішуць многа,
Што Гіпакрат — амаль святы,
Што быў ён лекарам ад Бога,
Што быў з хваробамі «на ты».
Яшчэ даводзяць нам, што хворых
Удзень лячыў ён і ўначы,
Ці сябар перад ім, ці вораг —
Усім хацеў дапамагчы.
Аж з ног валіўся ад напругі!
Аднак жа ведаюць не ўсе,
Што грошы браў ён за паслугі,
Узбагачаўся пакрысе.
Да прыкладу, пра Гіпакрата
Хадзіў калісьці слух такі.
Да хворага на штосьці брата
Яго паклікалі жанкі.
Стан бедачыны нехарошы.
І запытаўся Гіпакрат:
— Ці ёсць у вас, жанчыны, грошы?
— Жабрачкі мы — не да раскошы…
— Тады для брата лекі — яд.
Выходзіць, без узнагароды
Не працаваў і Гіпакрат.
Мой фельетон — з такой нагоды,
З тае прычыны акурат.
Газеты пішуць афіцыйна,
А нам хоць крычма закрычы:
У заняпадзе медыцына,
Кудысь разбегліся ўрачы.
А хто ж у гэтым вінаваты
І дзе мы «наламалі дроў»?
Зусім не радуюць зарплаты
І медсясцёр, і дактароў.
А для міністра гэта прыкра,
Хоць ты не вер вушам-вачам.
І Гіпакрата ён у прыклад
Прывёў ад роспачы ўрачам.
Ён іх заклікаў да сумлення
(Як быццам грошы ні пры чым),
І клятву тую, несумненна,
Ім прыгадаў уладны чын.
А хай бы хтосьці даў параду:
«Пра клятву ты не гавары.
Не заплаціў — дык кроплю яду
Параяць хворым дактары».
* * *
Бюджэт краіны небагаты.
І заўтра скажа бюракрат,
Што дактарам усім зарплаты
Хай плаціць той жа Гіпакрат.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Не пазычыў прэзідэнт грошы нават пад працэнт

Тата-міліцыянер стаў дасведчаным цяпер

Леснікі, як ваўкі, паказалі клыкі

Дактары, педагогі абіваюць парогі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.