TOP

Калісьці гарыла любіла «чарніла»

Генетыкі сцвярджаюць: чалавека з малпы зрабіла не праца, а алкаголь. Нашыя продкі спускаліся з дрэў на зямлю ў пошуках забрадзелых фруктаў-паданак. …П’яную пчалу, якая сабрала скіслы нектар, «ахоўніцы» не пускаюць у вулей, а часам караюць — адкусваюць ёй лапкі. Раз сышліся каля крамы У суботу мужыкі.Дружна градусы і грамыЗалівалі ў гарлякі.

Мудрагелістыя тосты
Ім не трэба.
— Будзь здароў! —
Іх адзіны покліч просты. —
Не хадзі да дактароў!
А затым вялі размовы
Пра падзеі навакол:
Пра жанчын і спінінг новы,
Пра машыны і футбол.
Словам, тэм у іх багата —
Толькі б выпіць што было.
Болей слухалі Кандрата,
Пляцкаў той як памяло.
(З тых, хто бавіў час ля крамы,
Гэты дробненькі Кандрат
Разумнейшы, пэўна, самы,
Бо газет чытае шмат.)
Ён, зусім ужо «ніякі»,
Навіной усіх агрэў:
— Колісь розныя макакі
На зямлю палезлі з дрэў,
Каб «узяць на грудзі» ўволю:
Бродзяць паданкі-плады,
Гэта значыць, алкаголю
Многа ў іх, а не вады.
Малпы ўсе, як зараз людзі,
Навучыліся хадзіць.
Дык не грэх нам «браць на грудзі»,
Чалавек павінны піць!
Я не хлус і не аблуда,
Каб лухту плявузгаць тут.
Факт пра малпаў — гадам буду! —
Даказаў вучоны люд.
Мужыкоў натхніла гэта,
І віно ракой цячэ.
— Піша правільна газета!
— Раскажы нам штось яшчэ! —
Папрасіў натоўп вясёлы.
Агаломшыў зноў Кандрат:
— А чаму не ходзяць пчолы
Быццам малпы акурат?
Ім не стаць людзьмі ніколі,
Не хадзіць на дзвюх нагах,
Бо прафаны ў алкаголі,
Неўспадоб ягоны пах.
І калі пчала якая
Сок-нектар гнілы пап’е,
Што яе ў вуллі чакае?
Лапкі вырвуць у яе!
Спадабаўся ўсім аповед:
Хай жанкі не чыняць здзек,
Бо ніводзін не апоек,
А сапраўдны чалавек!
Сярод гэтага кагалу
Аціраўся і Лявон.
У хаўрусе тым нямала
Пойла-бырла выпіў ён.
Як прыджгаў Лявон дахаты,
Ад яго смурод — не пах,
Дый не трошачкі «паддаты»,
А, як кажуць, на рагах.
І да жонкі, злое вельмі,
Трапіў ён у абарот:
— Зноў заліў, нягоднік, бельмы,
Каб табе смалы у рот!
І на дачы, і ў кватэры
Столькі самых розных спраў!
Ты ж — а каб цябе халера! —
За каўнер свой зноў заклаў.
Нос ужо ад п’янак сіні,
Чэзнеш-чахнеш на вачах…
Дый качалкаю штосілы
Па плячах Лявону — гах!
І зусім было хрэнова,
Калі жонка ў кумпал — цюк!
Паляжаў і да высновы
Спакваля прыйшоў дзяцюк:
«Вось чаму пулюе ў рыла,
Як прыходжу з пахмяла:
Я паходжу ад гарылы,
Продак жончын жа — пчала…»

Алесь Няўвесь

Ад рэдакцыі.

Нашы чытачы пытаюцца, дзе можна набыць зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Авохці мне!..» Адказваем: толькі у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

У міністра-бюракрата козыр — клятва Гіпакрата

Не пазычыў прэзідэнт грошы нават пад працэнт

Тата-міліцыянер стаў дасведчаным цяпер

Леснікі, як ваўкі, паказалі клыкі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.