TOP

Замольваць прыйдзецца грахі, аднак давольныя «вярхі»

У Хойніках адбыўся мітынг, у якім удзельнічалі 200 мясцовых жыхароў. Каб адказаць на пытанні, прыйшлі старшыня райвыканкама, начальнік міліцыі і пракурор, якія запэўнілі, што грамадзяне нічога процізаконнага не робяць, а рэпартаж з мітынга з’явіцца ў раённай газеце. Аднак неўзабаве (відаць, па падказцы «зверху») раёны суд пачаў штрафаваць удзельнікаў мітынгу. Вельмі пільны клопат, скажам прама (І з’явіўся ён з нядаўніх пор), Мелі старшыня райвыканкама, Міліцэйскі бос і пракурор.

У райцэнтры, як ва ўсёй краіне,
Распачаўся «бунт на караблі»:
Нас, маўляў, купілі на мякіне —
Выбары нячэснымі былі;
Прэзідэнт і ўся яго эліта
Прагнілі, так мовіць бы, знутры!
Каб сказаць пра гэта ўсё адкрыта,
Рушылі на плошчу жыхары.
Смела будуць рэзаць праўду-матку,
Будуць абурацца з-за хлусні.
Што рабіць ахоўнікам парадку
І райвыканкама старшыні?
Сумна пазіралі з кабінета
На гурму людскую праз акно:
Могуць жа «вярхі» турнуць за гэта
Дый прышыць артыкул заадно.
Словам, выспявала проста драма,
У якой бязрадасны зыход.
Мовіў старшыня райвыканкама:
— Трэба, так сказаць, пайсці ў народ.
Для мяне, прынамсі, не чужая —
Слова ўспрыме гэтая гурма.
Пракурор жа трохі папужае —
Давядзе, што свеціць ім турма.
Каб з людзьмі пазносіцца, на ганак
Выйшлі «тры бугры-багатыры».
Толькі пачуваліся пагана —
Тут жа абсвісталі жыхары.
Праўда, завязалася размова,
Так сказаць, адбыўся дыялог.
Старшыню не бэсцілі сурова,
Хоць казаў, што Бацька перамог —
Гэтак беларусы захацелі…
Пракурор не выказаў пагроз,
І давольным быў, як на вяселлі,
Падпалкоўнік — міліцэйскі бос.
Мітынг міралюбным быў надзіва,
Разышліся ў злагадзе, лічы:
Мужыкі патупалі на піва,
Жонкі іх пайшлі варыць баршчы,
А бабулі рушылі да храма…
Бедаваць нямашака прычын!
…Ранкам старшыні райвыканкама
«Зверху» пазваніў высокі чын:
— Я прачуў, што мітынг быў учора.
Ты ж маўчыш. За нос нас не вадзі!
Ці ж няма ў раёне пракурора,
Ці ж няма міліцыі, суддзі?
У краіне ўсёй ідуць пасадкі,
Наш АМАП шчыруе дзень пры дні,
А ў цябе там бунт — і анігадкі!
Мо абрыдла крэсла старшыні?
Я тваёй адданасці не бачу! —
Чын высокі ў трубку ледзь не роў. —
Заўтра ж я чакаю справаздачу,
Колькі ў каталажцы бунтароў!
Можна і напраўду цяпнуць гора,
«Зверху» старшыню загналі ў кут…
Ён, бядак, паклікаў пракурора,
Ну і падпалкоўнік тут як тут.
Старшыня задужа невясёлы,
Стукае алоўкам па стале.
— «Зверху» патрабуюць пратаколы,
Кару патрабуюць там, але…
Можам зноў тутэйшага нацдэма
Падсадзіць, як кажуць. на рублі.
Толькі ў чым, сябры мае, праблема?
Самі мы на мітынгу былі.
Значыць, мы таксама вінаваты,
Як зірнуць на ўсё са стараны…
Зрэшты, тым і скончылі дэбаты
Пра сумленне ўласнае яны:
— Мілаваць нікога мы не будзем,
 Каб былі давольнымі «вярхі».
Шкоду нанясём тутэйшым людзям?
Мы адмолім нашыя грахі…
Бунт, лічы, прыцягнуты за вушы,
Болей чын высокі не раве.
А яны, мясцовыя чынушы,
Мабыць, свечкі ставяць у царкве.
* * *
Мітынгоўцаў узялі ў аблогу —
Шчодра раздаваліся ў судзе
Штрафы,
Бо на плошчы, дзякуй богу,
Не было суддзі ў пратэстны дзень…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

Галовы дураць нам яны, што ў іх «сакрэтныя штаны»

Якраз «пашчасціла» яму папасці ў родную турму

Ён намалюе потым турму з калючым дротам

Ніхто не трапіў у шпіталь — была ідылія амаль

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.