TOP

Нікому не вядома, адкуль у іх харомы

Газета «Наша Ніва» апублікавала спіс чыноўнікаў, якія пабудавалі катэджы ў Драздах, Вяснінцы і за «Мінск-Арэнай». Спрэс — прадстаўнікі прэзідэнцкай эліты! Калі жыць на сярэдні беларускі заробак і плаціць падаткі, на катэдж былога міністра юстыцыі давядзецца ашчаджаць 330 гадоў. Звычайна шлях да ўлады коўзкі, Не кожнаму — такі вянец… Тым болей дзіўна, калі з вёскі У людзі выб’ецца хлапец.

Прынамсі, шанцаў вельмі мала
Вяскоўцу атрымаць партфель.
А Петраку пашанцавала,
Ён «стрэліў» акурат у цэль!
Як ззаду засталася школа
І трапіў ён у інстытут,
Дык па сцяжынцы камсамола
Паджгаў наперад без пакут.
Затым яго, само сабою,
Чакаў партыйны камітэт.
Вяршыні браў Пятрок без бою,
Бо трапіў, мовіць так, у след.
Кар’ера рухалася быстра.
Як Бацьку нам падкінуў лёс,
Дык да вяльможнага міністра
Пятрок пранырлівы дарос.
Краіну нашу ў бездань несла,
І галадаў амаль народ,
А Петраку пасада-крэсла
Давала шмат даброт-выгод.
Як быццам на карысць Радзімы
Ён працаваў у дзве рукі…
Хвалу спявалі падхалімы,
Савалі штосьці «хадакі»…
Пятру абрыдзеў побыт шэры.
Таму не дзіва, што няўзнак
Заместа гарадской кватэры
Займеў дыхтоўны асабняк.
Не спадцішка, зусім адкрыта
Пайшоў Пятро на крок такі,
Бо збудавала ўся эліта
Падобныя асабнякі.
Яны, сапраўдныя харомы,
Павырасталі, як грыбы!
Адкуль жа грошы — невядома,
Іх з неба скінуў Бог нібы…
А каб развеяць чуткі-плёткі,
Крычаў Пятро з усіх трыбун:
— Сумленна зарабіў я сродкі,
Штодня кручуся, як уюн!
Таму няхай не коле вочы
Зайздроснікам маё дабро.
— Працую я, як конь рабочы! —
Даводзіў з тых трыбун Пятро.
Вось так і жыў ён у раскошы,
Зусім не меў згрызот-пакут.
А людзі для яго — як вошы,
Як недарэчны хлам і хлуд.
Аднойчы не зусім чаканы
«Мабіла» выдала званок.
І з трубкі — голас злёгку п’яны:
— Дык і здароў, сябрук Пятрок!
Пятро на слых пазнаў Міколу,
І гэта, мусібыць, не ўздзіў:
Калісьці разам з ім у школу,
Як быў малечаю, хадзіў.
Сядзелі за адною партай
Гадоў дзясятак — бок у бок.
Удвух навуку грызлі ўпарта
І разам мацалі дзявок.
Хоць назаляла ў клёпках штосьці,
Працівілася ўсё нутро,
Ды змусіўся пазваць у госці
Міколу ў рэшце рэшт Пятро.
Калі ўзялі па добрай шклянцы,
Дык развязалі языкі.
— Былі абодва мы заср…нцы,
А ты цяпер «бугор» такі!
Я не пра пост, не пра кар’еру,
Якую ты зрабіў, Пятрок.
Шыкоўны асабняк не ў меру.
Як ты дамогся? Дай урок:
Ты ладзіш сходні і прыёмы,
А я працую ля станка…
Ды ўсё ж чаму ў цябе харомы,
А я не маю і дамка?
Раўня амаль у нас зарплаты,
А твой катэдж такі «круты»!
Чаму ж ты гэтакі багаты?
— Багаты я,
Бо бедны ты…

Алесь Няўвесь

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Рубрыца «Фельетон»:

Лішні мільён дае пенсіён

Ад старшыні паперлі, як і звычайна, «перлы»

З нядаўняе пары шчаслівыя тхары

Усё наадварот мы робім з года ў год

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.