Службоўцы злыдня не знайшлі, бо ім шукаць няма калі
Пяцёра жыхароў сталіцы звярнуліся ў Заводскі РУУС г. Мінска з заявамі, што махляр узяў у іх грошы на будаўніцтва, аднак абавязацельстваў не выканаў. Алена М. атрымала адказ, што крымінальная справа не ўзбуджана «з-за адсутнасці складу злачынства», бо «будаўніка не ўдалося знайсці і дапытаць». У час не надта улежны гэты Вакол людзей, як камары, Так і кружляюць прайдзісветы, Так і «кусаюць» махляры!
Мы пасылаем ім праклёны
За тое, што псуюць нам кроў.
Але ж і нашы пінкертоны
Лавіць павінны махляроў.
У іх харошыя зарплаты
І многа прывілей-ільгот,
Хоць не шыкуе, не багаты
Увесь астатні наш народ.
…«Я вам збудую дом і дачу,
Любое ўвогуле жытло,
А калі трэба — перайначу,
Каб там спадручней жыць было;
Адрамантую ўсё таксама —
Папраўлю цвік і шпінгалет!» —
Крычала кідкая рэклама
З усіх слупоў, з усіх газет.
Да «майстравітага прараба»
(Пісаў, што ён такі якраз)
Пайшлі, як кажуць, жук і жаба,
Каб у яго адкрыць заказ.
— Я працавацьму ў вас да поту,
Ва ўсіх рабочых сыдзе пот,
Аднак за нашую работу
Плаціць патрэбна напярод:
Рабочым я аванс падкіну.
І пагаджуся нават, каб
Вы заплацілі палавіну, —
Паблажку ўсім рабіў прараб.
Ну хто ж паблажцы той не рады?
Усе давольнымі былі!
Для будаўнічае брыгады
Панеслі кроўныя рублі,
Хаця, вядома, не мільёны…
Прапаў раптоўна «будаўнік»:
Маўчаць чамусьці тэлефоны,
Дый сам прараб кудысьці знік.
Нарэшце выспелі здагадкі
(Яны — нібы пад дых удар),
Што рэзультат задужа гадкі:
Як кажуць, кінуў іх махляр.
І кожны напісаў заяву,
Яе ў міліцыю прыпёр:
Няхай службоўцы шыюць справу,
І слова скажа пракурор.
Ды не дайшло да пракурора.
Не пажадаў і капітан
Паглыбіцца ў чужое гора,
Праліць святло на той падман.
Прыйшоў, напэўна, да высновы:
«Заявы збэшчу спадцішка,
Хай толькі сходзіць участковы
Да гэтага «будаўніка»
І паўшчувае за аблуду,
Пастрашыць трохі махляра.
А я займацца ім не буду,
Бо іншых спраў амаль гара…»
Ён, участковы, да прараба
Прыйшоў, патупаў па двары
І ўсклікнуў нават:
— А не слаба
Жывуць сягоння махляры!
Патрэбна грошай да халеры,
Каб мець падобнае жытло…
«Пацалаваў» замок і дзверы —
Прараба дома не было.
Сказаў пра гэта капітану:
Маўляў, схадзіў туды дарма.
— Больш пасылаць цябе не стану.
Калі зламысніка няма,
Дык справу шыць яму не будзем, —
Сказаў калегу капітан.
Ён гэтак адказаў і людзям.
У іх благі душэўны стан,
І пра міліцыю пагана
Яны гавораць з гэтых пор.
Адна надзея: капітана
За шкіркі возьме пракурор…
* * *
Чаму ж службісты-пінкертоны
Не ловяць, так сказаць, мышэй
І не баяцца, што пагоны
Сарве калега, што вышэй?
У іх цяпер другая мэта:
Лавіць «свядомых» пачалі.
Таму зладзюг і прайдзісветаў
Шукаць, на жаль, няма калі…
Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:
Хай бы спадчынай былі не даляры, а рублі
Прэзідэнт сказаў: «Сябры! А гайда на хутары!»
Прысудам сталі справаздачы, як помсціў ён за брэх сабачы
Сказалі ёй: «Не верашчы! На кухнях варым мы баршчы…»