TOP

Лішні мільён дае пенсіён

Белстат апублікаваў звесткі аб тым, колькі грошай прыходзіцца на адну сярэднестатыстычную сям’ю і на кожнага члена ў ёй. Сярод тых, каму ў месяц перападае найбольш, аказаліся сем’і, у якіх ёсць… пенсіянеры. У вёску езджу як на дачу, Наведваю свой родны кут. Абарыгенаў мала бачу, Там у асноўным прышлы люд.

У сем’ях падрастаюць дзеткі,
Жанкі капошацца ў двары,
А на калгасныя палеткі
Мужчыны гоняць трактары.
Але, на жаль, пры нашым часе
Працуй хоць зранку да начы,
Заробкі дрэнныя ў калгасе —
Хапае толькі на харчы.
Таму, каб мець не толькі скварку,
Хоць трохі ўзбіцца на рублі,
Трымаюць людзі гаспадарку —
І ў хлеўчуках, і на зямлі.
Гуркі, цыбуля, памідоры
Паціху спеюць на градзе.
Гарбуз пузаты на разоры
Ляжыць, як дзежка, дзе-нідзе.
А грушы, яблыкі і вішні
Ад ветрыку гайдае сад.
(Апошнім часам тут не лішні
Нат экзатычны вінаград.)
І, як камель, цельпукаваты
Парсюк гадуецца ў хляве,
А на лужку, што каля хаты,
Бычок качаецца ў траве.
Як пажаўцеюць агароды,
Парсюк — бы вулей,
Гаспадар
І мяса, і дары прыроды
Вязе на продаж, на базар.
Прыварак пэўны да зарплаты,
Калі прадасца ўсё як след.
Але ўсё роўна небагаты
Сямейны ў выніку бюджэт.
А як жывуць абарыгены?
Звычайна гэта дзецюкі.
Не сеюць, не рыхтуюць сена,
У іх пустыя хлеўчукі.
Пазарасталі без нагляду
Быллём гароды і сады.
Яны на працу, «у брыгаду»,
Цягаюцца гады ў рады.
Няма ні жонак і ні дзетак —
Спрадвечныя халасцякі.
Адна ў іх зранку мара-мэта —
Заліць «чарніла» ў гарлякі.
Нібы за пазухай у Бога
Жывуць, не знаючы бяды.
Адкуль жа грошай столькі многа,
Каб есці, заліваць глузды?
Не затрымаюся з адказам,
Бо гэта кожнаму відно:
Яны жывуць з бацькамі разам,
Што ўжо на пенсіі даўно.
То жыватворная крыніца
Для велькаўзроставых дзяцей.
Старым даводзіцца дзяліцца,
І пад прымусам найчасцей.
Хай прышлы тоны цеста месіць,
Абарыгену ж — не раўня:
Прыносяць пенсію штомесяц,
І цэлы год расце свіння.
* * *
Цынічны, можа, я без меры,
Ды ўсё ж зляцела з языка:
Лепш «гадаваць» пенсіянера,
Чым парсюка або бычка.

Алесь Няўвесь

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Рубрыца «Фельетон»:

Ад старшыні паперлі, як і звычайна, «перлы»

З нядаўняе пары шчаслівыя тхары

Усё наадварот мы робім з года ў год

Чыноўнікі крыху спатолілі пыху

Вылучэнка-дама — лепшая рэклама

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.